1. Псальма Асафава. Бог над багамі, Гасподзь, прамовіў, і заклікае зямлю, ад усходу сонца да захаду.
  2. Зь Сіёна, які ёсьць карона красы, зьяўляецца Бог,
  3. ідзе Бог наш — і не маўчыць: перад ім вагонь пажыральны, а вакол Яго моцная бура.
  4. Ён заклікае нябёсы згары, і зямлю — народ Свой судзіць:
  5. «зьбярэце Мне пабожных Маіх, што пры ахвяры склалі са мной запавет».
  6. І абвесьцяць нябёсы праўду Ягоную; бо судзьдзя гэты — Бог.
  7. Слухай, народзе Мой, буду Я прамаўляць, Ізраіле! буду Я сьведчыць супроць цябе: Я — Бог, твой Бог.
  8. Не за ахвяры твае Я дакарацьму цябе; цэласпаленьні твае заўжды прада Мною,
  9. не вазьму цяляці з дома твайго, ні казлоў з кашараў тваіх;
  10. бо Мае ўсе зьвяры ў лесе, і быдла на тысячы гор,
  11. ведаю ўсё птаства ў гарах і зьвер польны прада Мною.
  12. Калі б Я быў галодны, дык не сказаў бы табе; бо Мой сусьвет і ўсё, што яго напаўняе.
  13. Ці ем Я валовае мяса, і ці п'ю Я казьліную кроў?
  14. Прынясі Богу ў ахвяру падзяку, і выконвай твае абяцаньні Ўсявышняму,
  15. і пакліч Мяне ў дзень смутку; Я ўратую цябе, і ты ўславіш Мяне.
  16. А грэшніку кажа Бог: чаго прапаведуеш ты ўстанаўленьні Мае і бярэш Мой запавет у вусны твае,
  17. а сам ненавідзіш Маё настаўленьне, і словы Мае за сябе адкідаеш?
  18. Калі бачыш ты злодзея, лагодзішся зь ім, і зь пералюбцамі стасункуешся,
  19. вусны твае пускаеш на слова ліхое і язык твой хітрыну пляце;
  20. сядзіш і на брата твайго намаўляеш, на сына маці тваёй паклёпы пускаеш;
  21. ты гэта рабіў, і Я маўчаў; ты падумаў, што Я такі самы, як ты. Выкрыю цябе, і пакажу вачам тваім грахі твае.
  22. Зразумейце гэта вы, хто забывае Бога, каб Я не забраў вас, бо ня будзе каму ратаваць.
  23. Хто ў ахвяру падзяку прыносіць, той шануе Мяне, і хто на дарогі свае зважае, таму пакажу Я Божы ратунак!

Постоянная ссылка на эту страницу old.bibleonline.ru/bible/bel/19/50/.

Выбор перевода и языка



© Библия Онлайн, 2003-2024
Перейти на новую версию сайта.