Псалтыр, псальма 80
- Кіроўцу хору. На музычным інструмэньце Шошанім-Эдуф. Псальма Асафава.
- Пастыр Ізраілеў! паслухай; Ты, што водзіш, як авечак, Язэпа, і сядзіш на хэрувімах, акажы Сябе.
- Перад Яфрэмам і Веньямінам і Манасіем абудзі сілу Тваю і прыйдзі выратаваць нас.
- Божа! навярні нас; няхай зазьзяе аблічча Тваё, і ўратуемся!
- Госпадзе, Божа сіл! дакуль будзеш гнеўны да малітваў народу Твайго?
- Ты накарміў іх хлебам сьлёзным, і напаіў іх сьлязьмі, у вялікай меры,
- паклаў нас супярэчкаю нашым суседзям, і ворагі нашыя зьдзекуюцца.
- Божа сіл! узнаві нас; няхай зазьзяе аблічча Тваё, і ўратуемся!
- Зь Егіпта перанёс Ты лазу вінаградную, выгнаў народы, і пасадзіў яе;
- ачысьціў пад яе месца, і ўгрунтаваў карэньне яе, і яна напоўніла замлю.
- Горы накрыліся ценем яе, і гольле яе нібы кедры Божыя:
- яна пусьціла гольле сваё да мора і пасынкі свае да ракі.
- Навошта разбурыў Ты агароджу яе, так што скубуць яе ўсе, хто ідзе па дарозе?
- Лясны вепр яе падкопвае, і зьвер польны яе аб'ядае.
- Божа сіл! азірніся, паглядзі зь неба і ўбач, і наведай вінаграднік гэты;
- ахавай тое, што пасадзіла правіца Твая, і пасынкі, якія Ты Сабе ўмацаваў.
- Яно спалена вагнём, абсечана; хай ад зьзяньня аблічча Твайго загінуць,
- хай будзе рука Твая над мужам правіцы Тваёй, над сынам чалавечым, якога Ты ўмацаваў Сабе,
- і мы ад Цябе не адступімся; ажыві нас, і мы будзем імя Тваё заклікаць.
- Госпадзе, Божа сіл! узнаві нас; няхай зазьзяе аблічча Тваё, і ўратуемся.
|
Выбор перевода и языка
|