Плач, разьдзел 3
Адкрыць разьдзел: 1 2 3 4 5
- Я чалавек, які зьведаў гора ад жазла Твайго гневу:
- Ён павёў мяне і ўвёў у цемру, а не ў сьвятло.
- Толькі супроць мяне Ён зьвяртае руку Сваю кожнага дня;
- выснажыў плоць маю і скуру маю, паламаў мае косьці;
- абгарадзіў мяне і абклаў горыччу і цяготаю;
- пасадзіў мяне ў цёмнае месца, як даўно памерлых;
- акружыў мяне мурам, каб я ня выйшаў, уцяжыў аковы мае,
- і хоць я клічу і енчу, нячулы Ён да малітвы маёй;
- крушнямі загарадзіў мне дарогі, скрывіў сьцежкі мае.
- Ён мне стаўся як бы мядзьведзь у засадзе, як бы леў у патайным месцы;
- скрывіў дарогі мае і разарваў мяне, у нівеч абярнуў мяне;
- напяў лук Свой і паставіў мяне як бы цэлем пад стрэлы;
- паслаў у ныркі мае стрэлы з калчана Свайго.
- Я зрабіўся пасьмешышчам усяму народу майму, штодзённаю скрушлівай песняй яго.
- Ён насыціў мяне горыччу, напаіў мяне палыном;
- скрышыў камянямі зубы мае, пасыпаў мяне попелам.
- І адышоў спакой ад душы маёй; я забыўся пра шчасныя дні,
- і сказаў я: загінула сіла мая і надзея мая на Госпада.
- Падумай пра цярпеньні мае, пра гароту маю, пра жоўць і палын.
- Цвёрда памятае гэта душа мая і ападае ўва мне.
- Вось, што я адказваю сэрцу майму і таму спадзяюся:
- зь міласьці Госпада мы ня зьніклі, бо ня вычарпаўся Яго мілажаль:
- ён абнаўляецца кожнае раніцы; вялікая вернасьць Твая!
- Гасподзь частка мая, кажа душа мая, спадзявацьмуся ж на Яго.
- Добры Гасподзь з тымі, што на Яго спадзяюцца, з душою, якая шукае Яго.
- Добра таму, хто цярпліва чакае ратунку ад Госпада.
- Добра чалавеку, калі ён нясе ярмо ў маладосьці сваёй;
- сядзіць адасоблена і маўчыць, бо Ён ярмо наклаў на яго;
- кладзе вусны свае ў пыл, думаючы: «магчыма, яшчэ ёсьць надзея»;
- падстаўляе шчаку сваю таму, хто яго б'е, здавальняецца ганьбаваньнем,
- бо не навек пакідае Гасподзь.
- Але паслаў гора, і ўмілажаліцца зь вялікай даброці Сваёй.
- Бо Ён не па волі сэрца Свайго карае і засмучае сыноў чалавечых.
- Але калі топчуць нагамі сваімі ўсіх вязьняў зямлі,
- калі несправядліва судзяць чалавека перад абліччам Усявышняга,
- калі чалавека ўціскаюць у дзеях ягоных: хіба ня бачыць Гасподзь?
- Хто гэта кажа: «І тое бывае, чаму Гасподзь не загадаў быць»?
- Ці не ад вуснаў Усявышняга адбываецца бедства і посьпех?
- Навошта наракае чалавек жывы? кожны хай наракае на грахі свае.
- Выпрабуем і дасьледуем шляхі свае, і зьвернемся да Госпада.
- Узьнясём сэрца наша і рукі да Бога, сутнага на нябёсах:
- мы адпалі і ўпарціліся; Ты ня зьлітаваўся:
- Ты пакрыў Сябе гневам і перасьледаваў нас, забіваў, не шкадуючы;
- Ты засланіў сябе хмарай, каб не даходзіла наша малітва;
- сьмецьцем і мярзотаю Ты зрабіў нас сярод народаў.
- Разьзявілі на нас пашчу сваю ўсе ворагі нашы.
- Патокі водаў вылівае вока маё па пагібелі дачкі народа майго.
- Вока маё выліваецца і не перасыхае, бо палёгкі няма,
- пакуль ня ўгледзіць і ня ўбачыць Гасподзь зь нябёсаў.
- Вока маё засмучае душу маю дзеля ўсіх дочак майго горада.
- Па ўсякаму сіліліся вылавіць мяне, як птушку, ворагі мае, бязь ніякай прычыны;
- укінулі жыцьцё маё ў яму і закідалі мяне камянямі.
- Воды падняліся да галавы маёй; я сказаў: «загінуў я».
- Я заклікаў імя Тваё, Госпадзе, зь ямы глыбокай.
- Ты чуў голас мой; не затулі Тваё вуха ад уздыханьня майго, ад енку майго!
- Ты набліжаўся, калі я клікаў Цябе, і казаў: ня бойся!
- Ты абараняў, Госпадзе, дзеі душы маёй; акупляў жыцьцё маё.
- Ты бачыш, Госпадзе, крыўду маю; рассудзі справу маю.
- Ты бачыш усю помсьлівасьць іхнюю, усе намыслы іхнія супраць мяне;
- Ты чуеш, Госпадзе, лаянку іхнюю, усе намыслы іхнія супраць мяне,
- словы тых, што паўстаюць на мяне, і іхнія хітраваньні супроць мяне дзень у дзень.
- Паглядзі, ці сядзяць яны, а ці ўстаюць, я для іх — песьня.
- Аддай ім, Госпадзе, паводле дзеяў рук іхніх;
- пашлі ім памрочышча сэрца і пракляцьце Тваё на іх;
- перасьледуй іх, Госпадзе, гневам тваім, і вынішчы іх з паднябеснай.
|
Выбор перевода и языка
|