1. Успомні, Госпадзе, што над намі зьдзейсьнілася; паглядзі, падзівіся на паганьбеньне нашае:
  2. спадчына нашая перайшла да чужых, дамы нашыя — да іншапляменцаў;
  3. Мы асірацелі, бяз бацькі; маці нашыя — аўдавелі.
  4. Ваду сваю п'ем за срэбра, дровы нашыя нам за грошы даюць.
  5. Нас паганяюць у карак, мы працуем — і ня маем спачыну.
  6. Працягваем руку да Егіпцянаў, да Асірыянаў, каб наесьціся хлеба.
  7. Бацькі нашыя грэшнікі: іх больш няма, а мы кару нясем за беззаконьні іхнія.
  8. Рабы пануюць над намі, і няма каму выбавіць з-пад рукі іхняй.
  9. Свой хлеб здабываем з пагрозай жыцьцю ад меча.
  10. Счарнела, як печ, нашая скура ад пякучага голаду
  11. Жанок на Сіёне няславяць, дзяўчат — у гарадах Юдэйскіх.
  12. Князі павешаны рукамі іхнімі, абліччы старцаў не ўшанаваны.
  13. Юнакоў бяруць да жорнаў, і падлеткі падаюць пад ношкамі дроў.
  14. Старцы не сядзяць больш каля варотаў; хлапцы не сьпяваюць.
  15. Аціхла радасьць сэрца нашага: карагоды нашыя ў енк абярнуліся.
  16. Упаў вянок з галавы нашай; гора нам, што мы зграшылі!
  17. Ад гэтага вось зьнемаглося нашае сэрца; ад гэтага нашыя вочы зацьміліся.
  18. Ад таго, што апусьцела гара Сіён, лісы ходзяць па ёй.
  19. Ты, Госпадзе, жывеш вечна; трон твой — род у род.
  20. Дзеля чаго зусім забываеш нас, пакідаеш на доўгі час?
  21. Навярні нас да Цябе, Госпадзе, і мы навернемся; абнаві дні нашыя, як спрадвеку было.
  22. Няўжо ты зусім адкінуў нас, прагневаўся на нас бязь меры?

Постоянная ссылка на эту страницу old.bibleonline.ru/bible/bel/25/05/.

Выбор перевода и языка



© Библия Онлайн, 2003-2024
Перейти на новую версию сайта.