1. Прароцтва пра Вавілон, якое выказаў Ісая, сын Амосаў.
  2. Падымеце сьцяг на голай гары, узвысьце голас; махнеце ім рукою, каб ішлі ў браму ўладароў.
  3. Я даў наказ выбранцам Маім, і заклікаў на выкананьне гневу Майго моцных Маіх, якія трыумфуюць у велічы Маёй.
  4. Вялікі гоман на горах, як бы шматлікага народу, мяцежны гул царстваў і народаў, што сабраліся разам: Гасподзь Саваоф азірае баявое войска.
  5. Ідуць з далёкай краіны, ад краю неба, Гасподзь і носьбіты гневу Ягонага, каб зьнішчыць усю зямлю.
  6. Галасеце, бо дзень Госпада блізкі, — ідзе, як разбуральная сіла ад Усемагутнага.
  7. Таму рукі ва ўсіх апусьціліся, і сэрца ў кожнага чалавека растала.
  8. Жахнуліся, курчы і боль ахапілі іх; пакутуюць, як парадзіха, зьдзіўлена глядзяць адзін на аднаго, твары ў іх разгарэліся.
  9. Вось, прыходзіць дзень Госпада грозны, з гневам і палкаю лютасьцю, каб зрабіць зямлю пустыняю і вынішчыць зь яе грэшнікаў яе.
  10. Зоркі нябесныя і сьвяцілы не даюць свайго сьвятла; сонца цьміцца пры ўзыходзе сваім, і месяц ня зьзяе сьвятлом сваім.
  11. Я пакараю сьвет за ліха, і бязбожных — за беззаконьні іхнія, і пакладу канец высокаразумнасьці ганарыстых і зьнішчу пыхлівасьць прыгнятальнікаў;
  12. зраблю так, што людзі будуць даражэйшыя за чыстае золата, і мужчыны — даражэйшыя за золата Афірскае.
  13. Дзеля гэтага скалану неба, — і зямля зрушыцца зь месца свайго ад лютасьці Госпада Саваофа, у дзень палымянага гневу Яго.
  14. Тады кожны, як гнаная сарна і як пакінутыя авечкі, вернецца да народу свайго, і кожны пабяжыць у сваю зямлю,
  15. Але кожны злоўлены будзе заколаты, і каго схопяць, той памрэ ад меча.
  16. І дзеці іх будуцуь разьбітыя на вачах у іх; дамы іхнія будуць зрабаваныя і жанкі іх зьняслаўленыя.
  17. Вось, я падыму супроць іх Мідзянаў, якія ня цэняць срэбра і ня прагнуць золата.
  18. Лукі іхнія пратнуць юнакоў і не пашкадуюць плоду ўлоньня: вока іхняе не ўмілажаліцца зь дзяцей.
  19. І Вавілон, акраса царстваў, гонар Халдэяў, будзе зруйнаваны Богам, як Садома і Гамора,
  20. не заселіцца ніколі, і з роду ў род ня будзе жыхароў у ім; не раскіне Аравіцянін намёту свайго, і пастухі са статкамі ня будуць адпачываць там.
  21. А будуць вадзіцца ў ім зьвяры пустыні, і дамы напоўняцца совамі; і страўсы паселяцца, і касмачы будуць скакаць там.
  22. Шакалы будуць выць у харомах іхніх, і гіены — у вясёлых дамах.

Постоянная ссылка на эту страницу old.bibleonline.ru/bible/bel/23/13/.

Выбор перевода и языка



© Библия Онлайн, 2003-2024
Перейти на новую версию сайта.