1. Так кажа Гасподзь: неба — трон Мой, а зямля — падножжа ног Маіх; дзе ж набудзеце вы дом Мне, і дзе месца спакою Майго?
  2. Бо ўсё гэта зрабіла рука Мая, і ўсё гэта было, кажа Гасподзь. А вось, на каго Я пагляджу: на ўпакоранага і зламанага духам і на таго, хто трымціць перад словам Маім.
  3. А хто коле вала — тое самае, што і забівае чалавека; ахвяравальнікі ягняці — тое самае, што гіцаль; ахвяравальнік ежы — тое самае, што ахвяравальнік сьвіное крыві; кадзільнік фіміяму — тое самае, што мольбіт ідалу; і як яны выбралі свае шляхі, і душа іх знаходзіць асалоду ў мярзотах іхніх,
  4. так і я ўжыву іхнюю панаду і навяду на іх жахлівае для іх; бо Я клікаў — і ня было адказьніка, казаў — і яны ня слухалі, а рабілі ліхое ў вачах Маіх і выбіралі тое, што не даспадобы Мне.
  5. Выслухайце слова Госпада, хто трымціць перад словам Яго: вашы браты, што ненавідзяць вас і выганяюць вас за імя Маё, кажуць: «няхай явіць Сябе ў славе Гасподзь, і мы паглядзім на весялосьць вашу». Але яны будуць пасаролмленыя.
  6. Вось, шум з горада, голас з храма, голас Госпада, Які помсьціцца ворагам Сваім.
  7. Яшчэ ня мучылася родамі, а нарадзіла; перш чым насталі болі яе, нарадзіла сына.
  8. Хто чуў такое? хто бачыў падобнае на гэта? ці ўзьнікла краіна ў адзін дзень? ці нараджаўся народ за адзін раз, як Сіён, ледзь толькі пачаўшы родамі мучыцца — нарадзіў сыноў сваіх.
  9. Ці давяду Я да родаў, і ці ня дам радзіць? кажа Гасподзь. Альбо, даючы сілу радзіць, ці зачыню нутробу? кажа Бог твой.
  10. Весялецеся зь Ерусалімам і радуйцеся за яго, усе, хто любіць яго! парадуйцеся зь ім радасьцю ўсе, хто скардзіўся на яго,
  11. каб вам карміцца і насычацца ад саскоў суцяшэньняў ягоных, упівацца і мець асалоду ад лішку славы Ягонай.
  12. Бо так кажа Гасподзь: вось, Я пасылаю да яго спакой, як раку, і багацьце народаў — як паток, што разьліваецца, для асалоды вашай; на руках насіцьмуць вас і на каленях будуць песьціць.
  13. Як суцяшае каго-небудзь маці яго, так суцешу вас Я, і вы будзеце суцешаныя ў Ерусаліме.
  14. І ўбачыце гэта, і парадуецца сэрца ваша, і косьці вашыя расьцьвітуць, як маладая зеляніна, і растуліцца рука Госпада рабам Яго, а на ворагаў Сваіх Ён разгневаецца.
  15. Бо вось, прыйдзе Гасподзь у агні і калясьніцы Яго — як віхура, каб выліць гнеў Свой зь лютасьцю і дараваньне Сваё з палаючым агнём.
  16. Бо Гасподзь у агні і мечам Сваім учыніць суд над усякаю плоцьцю, і многа будзе пабітых Госпадам.
  17. Тыя, якія асьвячаюць і ачышчаюць сябе ў гаях, адзін за адным, ядуць сьвіное мяса і мярзоту і мышэй, — усе загінуць, кажа Гасподзь.
  18. Бо Я ведаю ўчынкі іхнія і думкі іхнія; і вось, прыйду сабраць усе народы і роды, і яны прыйдуць і ўбачаць славу Маю.
  19. І пакладу на іх азнаку, і пашлю з выратаваных ад іх да народаў: у Тарсіс, у Пулу і Луду, да тых, што напінаюць лук, у Тубалу і Явану, на далёкія астравы, якія ня чулі пра Мяне і ня бачылі славы Маёй; і яны абвесьцяць народам славу Маю
  20. і прадставяць усіх братоў вашых ад усіх народаў у дарунак Госпаду на конях і калясьніцах, і на насілках і на мулах і на борздых вярблюдах, — на сьвятую гару Маю, у Ерусалім, кажа Гасподзь, — падобна на тое, як сыны Ізраілевыя прыносяць дарунак у дом Госпада ў чыстай пасудзіне.
  21. Зь іх буду браць таксама ў сьвяшчэньнікі і лявіты, кажа Гасподзь.
  22. Бо, як новае неба і новая зямля, якія я ствару, заўсёды будуць перад абліччам Маім, кажа Гасподзь, так будзе і насеньне ваша і імя ваша.
  23. Тады зь месяца ў месяц і з суботы ў суботу будзе прыходзіць усякая плоць перад аблічча Маё на пакланеньне, кажа Гасподзь.
  24. І будуць выходзіць, і ўбачаць трупы людзей, што адступіліся ад Мяне: бо чарвяк іх не памрэ, і агонь іх не пагасьне; і будуць яны мярзотаю для ўсякай плоці.

Постоянная ссылка на эту страницу old.bibleonline.ru/bible/bel/23/66/.

Выбор перевода и языка



© Библия Онлайн, 2003-2024
Перейти на новую версию сайта.