1. Тады Ісус прамовіў да люду і вучняў Сваіх,
  2. кажучы: на Майсеевым пасадзе селі кніжнікі і фарысэі;
  3. дык вось, усё, што яны кажуць вам захоўваць, рабеце і захоўвайце; а паводле ўчынкаў іхніх не рабеце, бо яны гавораць, і ня робяць:
  4. зьвязваюць цяжары важкія і непасільныя і ўскладаюць на плечы людзям, а самі ня хочуць і пальцам зрушыць іх;
  5. а ўсе справы свае робяць дзеля таго, каб бачылі іх людзі; пашыраюць філактэрыі свае ды павялічваюць кутасы на адзеньні сваім;
  6. а таксама любяць узьляжаць наперадзе на гасьцінах, і наперадзе сядзець у сынагогах,
  7. і вітаньні на плошчах, і каб людзі клікалі іх: «Настаўнік! настаўнік!»
  8. А вы не называйцеся настаўнікамі, бо адзін у вас Настаўнік — Хрыстос, а ўсе вы — браты;
  9. і айцом сабе не называйце нікога на зямлі, бо адзін у вас Айцец, Які на нябёсах;
  10. і не называйцеся правадырамі, бо адзін у вас Правадыр — Хрыстос.
  11. Большы з вас хай будзе вам слуга:
  12. бо хто ўзвышае сябе, той паніжаны будзе; а хто паніжае сябе, той узвысіцца.
  13. Гора вам, кніжнікі і фарысэі, крывадушнікі, што зачыняеце Царства Нябеснае перад людзьмі; бо самі не ўваходзіце, і тых, што ўваходзяць, ня пускаеце ўвайсьці.
  14. Гора вам, кніжнікі і фарысэі, крывадушнікі, што паядаеце дамы ўдоваў і напаказ доўга моліцеся: за тое прымеце тым большую асуду.
  15. Гора вам, кніжнікі і фарысэі, крывадушнікі, што праходзіце мора і сушу, каб прыдбаць хоць аднаго нававерца; і калі гэта здараецца, робіце яго сынам геены, двойчы горшым за вас.
  16. Гора вам, павадыры сьляпыя, што кажаце: «калі хто прысягне храмам, дык нічога; а калі прысягне золатам храма, дык вінаваты».
  17. Неразумныя і сьляпыя! што большае: золата, ці храм, які асьвячае золата?
  18. і: «калі хто прысягне ахвярнікам, дык нічога; а калі прысягне дарам, які на ім, дык вінаваты».
  19. Неразумныя і сьляпыя! што большае: дар, ці ахвярнік, які асьвячае дар?
  20. Дык вось, хто прысягне ахвярнікам, прысягае ім і ўсім, што на ім;
  21. і той, што прысягае храмам, прысягае ім і Тым, Хто жыве ў ім;
  22. і той, хто прысягае небам, прысягае тронам Божым і Тым, Хто сядзіць на ім.
  23. Гора вам, кніжнікі і фарысэі, крывадушнікі, што даяце дзесяціну зь мяты, анісу і кмену, і адкінулі важнейшае ў законе: суд, міласьць і веру; гэта трэба было рабіць, і таго не пакідаць.
  24. Павадыры сьляпыя, што адцэджваеце камара, а вярблюда праглынаеце!
  25. Гора вам, кніжнікі і фарысэі, крывадушнікі, што ачышчаеце зьнешнасьць кубка і місы, а ўсярэдзіне яны поўныя пахапнасьці і няпраўды.
  26. Фарысэй сьляпы! ачысьці сьпярша сярэдзіну кубка і місы, каб чыстая была і зьнешнасьць іхняя.
  27. Гора вам, кніжнікі і фарысэі, крывадушнікі, што прыпадабняецеся да павапленых магіл, якія звонку здаюцца прыгожымі, а ўсярэдзіне поўныя касьцей мёртвых і ўсякага бруду;
  28. так і вы зьнешне здаяцеся людзям праведнымі, а ўсярэдзіне поўныя крывадушнасьці і беззаконьня.
  29. Гора вам, кніжнікі і фарысэі, крывадушнікі, што будуеце магільніцы прарокам і ўпрыгожваеце помнікі праведнікам.
  30. і кажаце: «калі б мы былі ў дні бацькоў нашых, дык ня былі б саўдзельнікамі іхнімі ў праліваньні крыві прарокаў»;
  31. тым самым вы самі сьведчыце супроць сябе, што вы сыны тых, якія забілі прарокаў;
  32. дапаўняйце ж меру бацькоў вашых.
  33. Зьмеі, выродзьдзе яхідніна! як унікнеце вы асуджэньня ў геену?
  34. Таму, вось, Я пасылаю да вас прарокаў, і мудрых, і кніжнікаў; і некаторых зь іх вы заб'яце і ўкрыжуеце, а некаторых будзеце біць у сынагогах вашых і гнаць з горада ў горад;
  35. каб апала на вас уся кроў праведная, пралітая на зямлі, ад крыві Авеля праведнага да крыві Захарыі, сына Варахіевага, якога вы забілі паміж храмам і ахвярнікам.
  36. Праўду кажу вам: усё гэта ападзе на род гэты.
  37. Ерусаліме, Ерусаліме, што забіваеш прарокаў і каменьнем пабіваеш пасланых да цябе! колькі разоў хацеў Я сабраць дзяцей тваіх, як птушка зьбірае птушанят сваіх пад крылы, і вы не схацелі!
  38. Вось, застаецца вам дом ваш пусты.
  39. Бо кажу вам: ня ўбачыце Мяне ад сёньня, пакуль ня ўсклікнеце: «дабраславёны Той, Хто ідзе ў імя Гасподняе!».

Постоянная ссылка на эту страницу old.bibleonline.ru/bible/bel/40/23/.

Выбор перевода и языка



© Библия Онлайн, 2003-2024
Перейти на новую версию сайта.