Павал і Цімафей, рабы Ісуса Хрыста, усім сьвятым у Хрысьце Ісусе, што жывуць у Піліпах, зь япіскапамі і дыяканамі:
мілата вам і мір ад Бога Айца нашага і Госпада Ісуса Хрыста.
Дзякую Богу майму кожны раз, як згадваю вас,
заўсёды ў кожнай малітве маёй за ўсіх вас з радасьцю молячыся,
за ваш удзел у зьвеставаньні зь першага дня аж да сёньня,
упэўнены, што той, хто пачаў у вас добрую дзею, будзе завяршаць яе да дня Ісуса Хрыста,
як і трэба мне думаць пра ўсіх вас, бо я маю вас у сэрцы ў кайданах маіх, і ў абароне і ў сьцьверджаньні зьвеставаньня, вас усіх, як супольнікаў маіх у мілаце.
Бог — сьведка, што я люблю ўсіх вас любоўю Ісуса Хрыста;
і малюся за тое, каб любоў ваша яшчэ больш узрастала ў спазнаньні і ўсякім досьведзе,
каб, спазнаючы лепшае, вы былі чыстыя і неспатыкнёныя ў дзень Хрыста,
поўныя пладоў праведнасьці празь Ісуса Хрыста, на славу і хвалу Божую.
Жадаю, браты, каб вы ведалі, што акалічнасьці мае паслужылі на большы посьпех зьвеставаньня,
так што кайданы мае за Хрыста зрабіліся вядомыя ўсёй праторыі і ўсім астатнім,
і большая частка братоў у Госпадзе, пасьмялеўшы праз кайданы мае, пачалі з большаю адвагаю, бязбоязна прапаведаваць слова Божае.
Некаторыя, праўда, з зайздрасьці альбо зь перакорлівасьці, а іншыя з добрай прыхільнасьці прапаведуюць Хрыста:
адны зь перакорлівасьці прапаведуюць Хрыста ня чыста, думаючы пабольшыць цяжар кайданоў маіх;
а другія — зь любові, ведаючы, што я пастаўлены бараніць зьвеставаньне.
Але што да таго? Як бы ні прапаведавалі Хрыста, ці дзеля блізіру, а ці шчыра, я і таму радуюся і буду радавацца,
бо ведаю, што гэта паслужыць мне на збавеньне дзякуючы вашай малітве і садзеяньню Духа Ісуса Хрыста,
пры пэўнасьці і надзеі маёй, што я ні ў чым пасаромлены ня буду, а пры поўнай адвазе, і сёньня, як і заўсёды, праславіцца Хрыстос у целе маім, хай тое жыцьцём, хай сьмерцю.
Бо для мяне жыцьцё — Хрыстос, і сьмерць — набытак.
А калі жыцьцё ў плоці дае плод маёй дзеі, дык ня ведаю, што выбраць.
Вабіць мяне і тое і другое: хочацца і разьвязацца і быць з Хрыстом, бо гэта непараўнальна лепей;
а заставацца ў плоці больш патрэбна вам:
і я пэўна ведаю, што застануся і буду з усімі вамі дзеля вашага посьпеху і радасьці ў веры,
каб хвала ваша ў Хрысьце Ісусе памножылася празь мяне, пры маім другім да вас прыходзе.
Толькі жывеце годнасна зьвеставаньня Хрыстовага, каб мне, калі я прыйду і пабачу вас, альбо калі ня прыйду, чуць пра вас, што стаіце вы ў адным духу, змагаючыся аднадушна за веру Дабравесьця.
і не баіцеся ні ў чым праціўнікаў; гэта ім ёсьць знак пагібелі, а вам — выратаваньня. І гэта ад Бога;
бо вам дадзена дзеля Хрыста ня толькі вераваць у Яго, але і пакутаваць за Яго.
Такім самым подзьвігам, які вы бачылі ўва мне і сёньня чуеце пра мяне.