1. Калі сядзеш есьці ежу з валадаром, дык уважай, што перад табою;
  2. і пастаў заслону ў горле тваім, калі ты ненаедны.
  3. Не спакушайся ласнымі прысмакамі; гэта — уяўная ежа.
  4. Ня турбуйся пра тое, каб набыць багацьце; адкінь такія думкі твае.
  5. Зьвернеш вочы твае на яго, і — яго ўжо няма; бо яно зробіць сабе крылы і, як арол, паляціць да неба.
  6. Не каштуй ежы ў чалавека зайздросьлівага, і не спакушайся ласнымі прысмакамі ягонымі,
  7. бо, якія думкі ў душы ў яго, такі і ён сам; «еж і пі», кажа ён табе, а сэрца яго не з табою.
  8. Кавалак, які ты зьеў, вырыгнеш, і добрыя словы твае ты ўжывеш марна.
  9. У вушы неразумнаму не кажы, бо ён занядбае разумныя словы твае.
  10. Не перасоўвай мяжы даўняй і на поле сіротаў не заходзь;
  11. бо Абаронца ў іх моцны; Ён заступіцца за справу іхнюю перад табою.
  12. Прыхілі сэрца тваё да вучэньня і вушы твае — да разумных слоў.
  13. Не пакідай юнака без пакараньня; калі пакараеш яго дубцом, ён не памрэ:
  14. ты пакараеш яго дубцом і ўратуеш душу яго ад пекла.
  15. Сыне мой! калі сэрца тваё будзе мудрае, парадуецца і маё сэрца;
  16. і душа мая будзе радавацца, калі вусны твае будуць казаць слушна.
  17. Хай не зайздросьціць сэрца тваё грэшнікам; а хай будзе яно ва ўсе дні ў страху Гасподнім;
  18. бо ёсьць будучыня, і надзея твая ня страчана.
  19. Слухай, сыне мой, і будзь мудры, і кіруй сэрца тваё на просты шлях.
  20. Ня будзь сярод тых, што ўпіваюцца віном, сярод тых, што аб'ядаюцца мясам:
  21. бо п'яніца і ненаяда зьбяднеюць, а санлівец апранецца ў рызманы.
  22. Слухайся бацькі твайго: ён спарадзіў цябе; і не пагарджай маці тваёй, калі яна будзе старая.
  23. Купі ісьціну, і не прадавай мудрасьці і разумнага вучэньня.
  24. Радуецца бацька праведніка, і, хто нарадзіў мудрага — радуецца зь яго.
  25. Хай весяліцца бацька твой і хай радуецца маці твая, якая цябе нарадзіла.
  26. Сыне мой! аддай сэрца тваё мне, а вочы твае хай сочаць за шляхамі маімі:
  27. бо распусьніца — глыбокая прорва, а чужая жонка — вузкі калодзеж;
  28. яна, як разбойнік, сядзіць у засадзе і памнажае сярод людзей здраднікаў.
  29. У каго гора? у каго нядоля? у каго бяспрычынныя раны? у каго чырвоныя вочы?
  30. У тых, што доўга сядзяць за віном, што прыходзяць скаштаваць віна неразьведзенага.
  31. Не глядзі на віно, як яно чырванее, як яно прамяніцца ў келіху, як яно роўненька ліецца;
  32. пазьней яно ўкусіць, як змей, і ўджаліць, як асьпід;
  33. вочы твае будуць глядзець на чужых жонак, і сэрца тваё загаворыць распуснае;
  34. і ты будзеш, як заснулы сярод мора і як на версе мачты.
  35. І скажаш: «білі мяне, мне не балела, штурхалі мяне, і я не адчуваў. Калі прачнуся, зноў буду рабіць тое самае.»

Постоянная ссылка на эту страницу old.bibleonline.ru/bible/bel/20/23/.

Выбор перевода и языка



© Библия Онлайн, 2003-2024
Перейти на новую версию сайта.