1. Імя добрае лепш за масьць дарагую, а дзень сьмерці — за дзень нараджэньня.
  2. Лепей хадзіць у дом жалобы па мёртвым, чым у харомы банкету; бо такі ёсьць канец усякаму чалавеку, і жывы бярэ гэта да сэрца свайго.
  3. Смутак лепшы за сьмех; а сэрца бязглуздых — у доме вясёлым.
  4. Лепей слухаць дакоры ад мудрага, чым слухаць пахвалы ад неразумных;
  5. бо сьмех неразумных ёсьць тое, што й трэск сухога ядлоўцу пад горшчыкам. І гэта — марнасьць!
  6. Уціскаючы іншых, разумны дурнее, і хабар сэрца псуе.
  7. Канец працы лепшы за пачатак яе; цярплівы лепшы за пыхлівага.
  8. Не сьпяшайся да гневу духам тваім, бо гняздуецца гнеў у сэрцы бязглуздых.
  9. Не кажы: «чаму гэта колісь было лепей, чым сёньня?» — не зь вялікага розуму ты папытаўся пра гэта.
  10. Добрая мудрасьць — як і добрая спадчына, асабліва ж бо тым, што сонца бачаць:
  11. бо пад шатамі мудрасьці, як пад шатамі срэбра; а перавага пазнаньня ў тым, што мудрасьць жыцьцё зьберагае таму, хто яе мае.
  12. Прыгледзься да дзеяў Божых: хто можа выправіць тое, што Ён зрабіў крывым.
  13. У добрыя дні карыстайся з дабротаў, а ў ліхія дні разважай: і тое і іншае стварыў Бог, каб ня мог чалавек нічога сказаць пасьля сябе.
  14. Нагледзеўся я ў дні марноты сваёй усялякага ўдосыць: справядлівы гіне ў сваёй справядлівасьці; бязбожны доўга жыве ў бязбожнасьці сваёй.
  15. Ня будзь лішне строгі, і не выстаўляйся залішне мудрым; навошта табе нішчыць сябе?
  16. Не ўпадай у грахі і ня будзь шалёны; навошта табе паміраць заўчасна?
  17. Добра, калі трымацьмешся толькі аднога і не адымеш рукі ад другога; бо хто богабаязны, той пазьбегне ўсяго благога.
  18. Мудрасьць робіць мудрага мацнейшым за дзесяць уладароў, якія ў горадзе.
  19. Няма чалавека справядлівага на зямлі, які рабіў бы дабро і не грашыў;
  20. таму не на ўсякае сказанае слова зважай, каб не пачуць табе, як твой раб цябе ганіць.
  21. Бо многа выпадкаў ведае сэрца тваё, калі сам ты ганіў іншых.
  22. Я ўсё гэта мудрасьцю выпрабаваў; я сказаў: «буду я мудры»; але мудрасьць далёка ад мяне.
  23. Далёка тое, што ёсьць, і глыбока-глыбока: хто дастане яго?
  24. І паклаў я на сэрца помысел мой, каб дазнацца, дасьледаваць, і знайсьці мудрасьць і розум, і каб ведаць бязбожнасьць дурноты, невуцтва і шаленства.
  25. І знайшоў я, што горш за сьмерць жанчына, таму што яна — сетка, і сэрца ў яе — пастка, рукі ў яе — кайданы; любасны Богу ўратуецца ад яе, а грэшніка схопіць яна.
  26. Вось гэта знайшоў я, сказаў Эклезіяст, выпрабоўваючы адно за адным.
  27. Чаго яшчэ шукала душа мая, і я не знайшоў? Мужчыну аднаго з тысячы я знайшоў, а жанчыны сярод іх усіх не знайшоў.
  28. Толькі гэта знайшоў я, што Бог стварыў чалавека праведнага, а людзі кінуліся ў вымудры ўсякія.

Постоянная ссылка на эту страницу old.bibleonline.ru/bible/bel/21/07/.

Выбор перевода и языка



© Библия Онлайн, 2003-2024
Перейти на новую версию сайта.