Ерамія, разьдзел 23
- Гора пастырам, якія губяць і разганяюць авечак паствы Маёй! кажа Гасподзь.
- Таму так кажа Гасподзь Бог, Бог Ізраілеў пастырам, якія пасуць народ Мой: вы расьсеялі авечак Маіх і разагналі іх і не даглядалі іх; вось, я пакараю Вас за ліхія ўчынкі вашыя, кажа Гасподзь.
- І зьбяру рэшту статку Майго з усіх краін, куды Я выгнаў іх, і вярну іх у двары іхнія, і будуць пладзіцца і множыцца.
- І пастаўлю над імі пастыраў, якія будуць пасьвіць іх, і яны ўжо ня будуць баяцца і палохацца і ня будуць губіцца, кажа Гасподзь.
- Вось, настаюць дні, кажа Гасподзь, — і пастаўлю Давіду Галіну праведную, і зацаруе Цар і будзе рабіць мудра і будзе чыніць суд і праўду на зямлі.
- У дні Яго Юда і Ізраіль будуць жыць у бясьпецы; і вось — імя Яго, якім будуць называць Яго: «Гасподзь — апраўданьне наша!»
- Таму, вось настаюць дні, кажа Гасподзь, калі ўжо ня будуць казаць: «жывы Гасподзь, які вывеў сыноў Ізраілевых зь зямлі Егіпецкай»,
- а: «жывы Гасподзь, Які вывеў і Які прывёў племя дома Ізраілевага зь зямлі паўночнай і з усіх земляў, куды Я выгнаў іх», і жыцьмуць на зямлі сваёй.
- Пра прарокаў. Сэрца маё ўва мне разьдзіраецца, усе косткі мае дрыжаць: я — як п'яны, як чалавек, якога адолела віно, дзеля Госпада і дзеля сьвятых словаў Яго,
- бо зямля напоўнена пералюбцамі, бо плача зямля ад праклёнаў; пасохлі пашы ў пустыні, і імкненьне іхняе — зло, і сіла іхняя — няпраўда,
- бо іхні прарок і сьвятар — крывадушнікі; нават у доме Маім Я знайшоў бязбожнасьць іхнюю, кажа Гасподзь.
- Затое дарога іхняя будзе ім, як коўзкія мясьціны ў цемры: іх штурхнуць — і яны ўпадуць там; бо Я навяду на іх бядоту, год наведваньня іх, кажа Гасподзь.
- І ў прароках Самарыі Я бачыў вар'яцтва; яны прарочылі імем Ваала — і ўвялі ў аблуду народ Мой, Ізраіля.
- Але ў прароках Ерусаліма бачу жахлівае: яны распусьнічаюць і ходзяць у фальшы, падтрымліваюць рукі ліхадзеяў, каб ніхто не наварочваўся ад сваёй бязбожнасьці; усе яны перад Мною — як Садома, і жыхары яго — як Гамора.
- Таму так кажа Гасподзь Саваоф пра прарокаў: вось, я накармлю іх палыном і напаю іх вадою з жоўцю, бо ад прарокаў Ерусалімскіх бязбожнасьць пашырылася на ўсю зямлю.
- Так кажа Гасподзь Саваоф: ня слухайце словаў прарокаў, якія прарочаць вам: яны ашукваюць вас, расказваюць мроі сэрца свайго, а не ад вуснаў Гасподніх.
- Яны ўвесь час кажуць паняверцам Маім: «Гасподзь сказаў: мір будзе ў вас». І, кожнаму, хто дзейнічае з упартасьці сэрца свайго, кажуць: «ня прыйдзе на вас бяда».
- Бо хто стаяў у радзе Госпада і бачыў і чуў слова Ягонае? Хто ўважаў слову Яго — і пачуў?
- Вось, ідзе бура Гасподняя зь лютасьцю, бура грозная, і ўпадзе на галаву бязбожных.
- Гнеў Госпада не адвернецца, пакуль Ён ня зьдзейсьніць і пакуль ня выканае намераў сэрца Свайго; у наступныя дні вы ясна ўразумееце гэта.
- Я не пасылаў прарокаў гэтых, а яны самі пабеглі; Я не казаў ім, а яны прарочылі.
- Калі б яны стаялі ў радзе Маёй, дык абвясьцілі б народу Майму словы Мае і адводзілі б іх ад благога шляху іхняга і ад благіх дзеяў іхніх.
- Хіба Я — Бог толькі зьблізку, кажа Гасподзь, а ня Бог здалёку?
- Ці можа чалавек схавацца ў патайнае месца, дзе Я ня бачыў бы яго? кажа Гасподзь. Ці ж не напаўняю Я неба і зямлю? кажа Гасподзь.
- Я чуў, што гавораць прарокі, якія Маім імем прарочаць ману. Яны кажуць: «мне сьнілася, мне сьнілася».
- Ці доўга гэта будзе ў сэрцы ў прарокаў, якія прарочаць ману, прарочаць ашуканства свайго сэрца?
- Ці думаюць яны давесьці народ Мой да забыцьця імя Майго празь сьненьні свае, якія яны пераказваюць адзін аднаму, як бацькі іх забылі імя Маё праз Ваала?
- Прарок, які бачыў сон, няхай і расказвае яго як сон; а ў якога Маё слова, той няхай кажа слова Маё слушна. Што ёсьць супольнага ў мякіны з чыстым зернем? кажа Гасподзь
- Слова Маё ці ж не падобнае на агонь, кажа Гасподзь, і ці ж не падобнае на молат, які разьбівае скалу?
- Таму вось, Я — на прарокаў, кажа Гасподзь, якія крадуць словы Мае адзін у аднаго.
- Вось, Я — на прарокаў, кажа Гасподзь, якія дзейнічаюць сваім языком, а кажуць: «Ён сказаў».
- Вось, Я на прарокаў фальшывых сноў, кажа Гасподзь, якія расказваюць іх і ўводзяць народ Мой у аблуду сваімі падманамі і ашуканствам, тым часам як Я не пасылаў іх і не загадваў ім, і яны ніякай карысьці ня прыносяць народу гэтаму, кажа Гасподзь.
- Калі спытае ў цябе народ гэты альбо прарок альбо сьвятар: «які цяжар ад Госпада», дык скажы ім: «які цяжар? Я пакіну вас, кажа Гасподзь».
- Калі прарок альбо сьвятар альбо народ скажа: «цяжар ад Госпада», Я пакараю таго чалавека і дом ягоны.
- Так кажэце адзін аднаму і брат брату: «што адказаў Гасподзь?» альбо: «што сказаў Гасподзь?»
- а гэтага слова: «цяжар ад Госпада», наперад ня ўжывайце: бо цяжарам будзе такому чалавеку слова ягонае, бо вы пераварочваеце словы жывога Бога, Госпада Саваофа Бога нашага.
- Так кажы прароку: «што адказаў табе Гасподзь? альбо: »што сказаў Гасподзь?«
- А калі вы яшчэ казацьмеце: »цяжар ад Госпада«, дык так кажа Гасподзь; за тое, што вы кажаце слова гэтае: »цяжар ад Госпада«, тым часам як я паслаў сказаць вам: не кажэце »цяжар ад Госпада",
- за тое вось, Я забуду вас зусім і пакіну вас, і горад гэты, які Я даў вам і бацькам вашым, адхілю ад аблічча Майго
- і накладу на вас агуду вечную, якая не забудзецца.
|
Выбор перевода и языка
|