1. Мудры сын слухае бацькавых настаўленьняў; а насьмешнік ня слухае засьцярогаў.
  2. Ад плоду вуснаў сваіх чалавек спажывае дабро, а душа здраднікаў закона — зло.
  3. Хто захоўвае вусны свае, той захоўвае душу сваю, а хто шырока свой рот разьзяўляе, таму бяда.
  4. Душа гультая жадае, але марна: а душа руплівых насыціцца.
  5. Праведнік ненавідзіць ілжывае слова, а бязбожны сарамаціць і ганьбіць сябе.
  6. Праўда ахоўвае беззаганнага ў дарозе, а бязбожнасьць губіць грэшнікаў.
  7. Сёй-той выдае сябе за багатага, а ў яго нічога няма; другі сябе за беднага, а ў яго багацьця многа.
  8. Багацьцем сваім чалавек адкупляе жыцьцё сваё, а бедны і пагрозы ня чуе.
  9. Сьвятло праведных весела гарыць; а сьветач бязбожных тухне.
  10. Ад пыхі паходзіць разлад, а ў тых, што раяцца, — мудрасьць.
  11. Багацьце ад марнасьці памяншаецца, а хто зьбірае працаю, памнажае яго.
  12. Надзея, якая доўга ня праўдзіцца, стамляе сэрца, а жаданьне, якое споўнілася, — як дрэва жыцьця.
  13. Хто пагарджае словам, той робіць шкоду сабе; а хто баіцца запаведзі, будзе ўзнагароджаны.
  14. Навука ў мудрага — крыніца жыцьця, якая аддаляе ад сьмерці.
  15. Добры розум дае зычлівасьць; а дарога бязбожных цьвёрдая.
  16. Кожны разумны дзее зь веданьнем, а немысель выстаўляе на паказ дурасьць.
  17. Неразумны пасол трапляе ў бяду, а верны пасланец — ратунак.
  18. Галеча і ганьба таму, хто пагарджае навукай; а хто трымаецца настаўленьня, пашанаваны будзе.
  19. Жаданьне, якое споўнілася, — прыемнае душы; агідна неразумнаму ўхіляцца ад зла.
  20. Хто сябруе з мудрым, будзе мудры; а хто сябруе зь неразумнымі, разбэсьціцца.
  21. Грэшнікаў даганяе зло, а праведнікам дасца дабро.
  22. Добры пакідае спадчыну і ўнукам, а багацьце грэшніка зьберагаецца праведнаму.
  23. Шмат хлеба бывае і на палетку ў бедных; але маёмасьць гіне ад бяспраўя.
  24. Хто шкадуе дубца свайго, той ненавідзіць сына; а хто любіць, той змалку карае яго.
  25. Праведнік есьць да сытасьці, а жывот бязбожных церпіць нястачы.

Постоянная ссылка на эту страницу old.bibleonline.ru/bible/bel/20/13/.

Выбор перевода и языка



© Библия Онлайн, 2003-2024
Перейти на новую версию сайта.