Выслоўі, разьдзел 2
- Сыне мой, калі ты прымеш словы мае і захаваеш пры сабе запаведзі мае,
- і вуха сваё прыхіліш да мудрасьці і прытуліш сэрца тваё да разважлівасьці,
- калі будзеш клікаць да ведаў і зьвяртацца да розуму;
- калі будзеш шукаць яго, нібы срэбра, і знаходзіць яго, нібы скарб:
- тады ўразумееш страх Гасподні і знойдзеш спазнаньне Бога.
- Бо Гасподзь дае мудрасьць; і з вуснаў Яго — веды і розум;
- Ён дае праведным выратаваньне; Ён — шчыт тым, што ў беззаганнасьці ходзяць.
- Ён ахоўвае дарогу праўды і асланяе сьцежку сьвятых Сваіх.
- Тады ты зразумееш справядлівасьць і права і шчырасьць, усялякую сьцежку дабра.
- Калі мудрасьць увойдзе ў сэрца тваё, і веды будуць прыемныя душы тваёй:
- тады разважлівасьць будзе берагчы цябе, розум будзе ахоўваць цябе,
- каб адвесьці цябе ад дарогі ліхое, ад чалавека, які гаворыць няпраўду,
- ад тых, што пакідаюць дарогі простыя, каб хадзілі дарогамі цемры;
- ад тых, што радуюцца, робячы ліхое, захапляюцца ліхою распустай,
- у якіх дарогі крывыя і якія блукаюць па сьцежках сваіх;
- каб уратаваць цябе ад жонкі другога, чужой, якая злагоджвае словы свае,
- якая пакінула сябра маладосьці сваёй і занядбала запаведзь Бога свайго.
- Дом яе вядзе да сьмерці, і сьцежкі яе — да мёртвых;
- ніхто, увайшоўшы да яе, не вяртаецца і ня ступае на дарогу жыцьця.
- Таму хадзі дарогаю добрых і трымайся сьцежкі праведнікаў,
- бо праведныя будуць жыць на зямлі, і беспахібныя застануцца на ёй;
- а бязбожныя будуць вынішчаны зь зямлі, і няверныя выкарчаваны зь яе.
|
Выбор перевода и языка
|