Песьня, разьдзел 1
- Найвышэйшая песьня Саламонава.
- Няхай вусны яго мяне пацалуюць! Бо лепшыя за віно твае ласкі.
- Ад водару мазяў тваіх імя тваё — як разьлітае міра; таму і дзяўчаты цябе кахаюць.
- Надзь мяне! Мы пабяжым за табою; — цар мяне ўвёў у харомы свае! Радавацца і весяліцца будзем з табою; — больш за віно будзем славіць пяшчоты; цябе годнасна любяць!
- Ерусалімскія дочкі! Чорная я, прыгажуня сабою, нібы намёты Кідара ці полагі Саламонавыя.
- Не зважайце на смугласьць маю; гэта сонца мяне апаліла: сыны маёй маці ўгневаліся на мяне, — вінаграднікі вартаваць мне казалі, — свайго вінаградніка я не ўпільнавала.
- Ты скажы, каханьне маёй душы, дзе ты пасьвіш? дзе апоўдні ты адпачываеш? навошта бадзяцца мне каля статкаў сяброў тваіх?
- Калі гэтага ты ня знаеш, найпрыгажэйшая краска-дзяўчына, дык ідзі па авечых сьлядах і пасьві свае казьляняткі каля буданоў пастушыных.
- З кабыліцаю з фараонавай калясьніцы параўнаў я цябе, каханая.
- Прыгожыя шчокі твае пад падвескамі, шыю тваю аздабляюць каралькі;
- зробім табе залатыя падвескі са срэбнымі іскрамі.
- Пакуль цар за сталом весяліўся, мой народ разьліваў пахошчы.
- Мне мой мілы — як ладанка зь мірай; начуе ў мяне на грудзях,
- мне мой мілы — як скрыпеню гронка ў мяне ў вінаградніках Эн-гэдзі.
- Якая прыгожая ты, каханая! якая прыгожая ты! Твае вочы — дзьве галубіцы!
- Які ты прыгожы, мой любы, які ты ласкавы, і ложак наш — зелень;
- стрэхі дамоў нашых — кедры, столі іх — кіпарысы.
|
Выбор перевода и языка
|