1. Азірніся назад, Шуламянка, азірніся назад — дай сябе ўбачыць! Што вам дзівіцца на Шуламянку, як на карагод Манаімскі?
  2. Якія прыгожыя ногі твае ў сандалях, дачка знакамітая! Выгін клубоў тваіх, як абруч, што майстар зрабіў;
  3. твой пупок — нібы круглая чара па беражок з пахучым віном; твой жывот — гэта горка пшаніцы сярод лілеяў чароўных;
  4. твае грудзі — два казьляняткі, блізьняткі сарны;
  5. твая шыя — вежа з слановае косьці; твае вочы — Эсэвонскія сажалкі каля брамы Бат-рабім; твой нос — як Ліванская вежа на дазоры насупраць Дамаска;
  6. твая галава — як гара Карміл, і пасмачкі валасоў — як пурпура; цар паланёны кучарамі тваімі.
  7. Якая прыгожая ты, якая панадная, каханка, тваёю вабнасьцю!
  8. Гэты стан твой падобны да пальмы, і грудзі — да вінаградных гронак.
  9. Я падумаў: залезу на пальму, я ўхаплюся за вецьце яе — хай будуць грудзі твае замест гронак лазы, і дыханьне тваё будзе — як яблыкі;
  10. і вусны твае — як віно залатое! Цячэ яно ў рот каханаму, асалоджвае вусны стомленым.
  11. Належу я міламу другу, і мяне ён жадае.
  12. Прыйдзі, любасны, выйдзем у поле, пабудзем у вёсках;
  13. выйдзем раніцай у вінаграднікі, падзівімся, як лаза зелянее, як пупышкі покнуліся, як зацьвілі гранаты; там я цябе прыгалублю.
  14. Мандрагоры пахнуць духмяна, ля варот нашых многа пладоў: сёлетніх і даўнейшых назапасіла я табе, каханы.

Постоянная ссылка на эту страницу old.bibleonline.ru/bible/bel/22/07/.

Выбор перевода и языка



© Библия Онлайн, 2003-2024
Перейти на новую версию сайта.