1. А калі пастанавілі нам плысьці ў Італію, дык перадалі Паўла і некаторых іншых вязьняў сотніку Аўгуставай кагорты, якога звалі Юліем.
  2. Мы ўзышлі на Адраміцкі карабель і выправіліся, маючы плысьці каля Асійскіх мясьцінаў; з намі быў Арыстарх, Македонец зь Фесалонікі.
  3. На другі дзень прысталі да Сідона; Юлій, абыходзячыся з Паўлам чалавекалюбна, дазволіў яму схадзіць да сяброў і скарыстацца іх дбаньнем.
  4. Выправіўшыся адтуль, мы прыплылі да Кіпра, з прычыны супраціўных вятроў,
  5. і, пераплыўшы мора насупраць Кілікіі і Памфіліі, прыбылі ў Міры Лікійскія.
  6. Там сотнік знайшоў Александрыйскі карабель, які плыў у Італію, і пасадзіў нас на яго.
  7. Павольна плывучы многа дзён і, ледзь параўняўшыся з Кнідам, з прычыны неспрыяльнага нам ветру, мы падплылі да Крыта каля Саломы;
  8. і, ледзь зь цяжкасьцю мінуўшы яго, прыбылі да адной мясьціны, якая называлася Добрыя Прыстані, паблізу якое быў горад Ласея.
  9. Але як мінула багата часу, і плаваньне было ўжо небясьпечнае, бо і пост ужо мінуўся, дык Павал раіў,
  10. кажучы ім: мужы! бачу я, што плаваньне будзе цяжкае і зь вялікай шкодаю ня толькі грузу і караблю, але і нашаму жыцьцю.
  11. Але сотнік больш давяраўся стырніку і гаспадару карабля, чым Паўлавым словам.
  12. А як што прыстань была няпрыдатная пад зімаваньне, дык многія радзілі плысьці адтуль, каб, калі можна, дайсьці да Фініка, прыстані Крыцкае, што насупраць паўднёва-заходняга і паўночна-заходняга ветру, і там зазімаваць.
  13. Павеяў паўднёвы вецер, і яны, падумаўшы, што ўжо дасягнулі жаданага, выправіліся і паплылі паблізу Крыта.
  14. Але неўзабаве падняўся на іх вецер бурны, які называецца эўраклідон.
  15. Карабель падхапіла, так што ён ня мог супрацівіцца ветру, і мы насіліся, аддаўшыся хвалям.
  16. І, набегшы на адну выспачку, якая называецца Клаўдай, мы ледзьве маглі ўтрымаць лодку;
  17. падняўшы яе, пачалі шукаць дапаможнага сродку і абвязваць карабель; баючыся, каб ня сесьці на мялізну, спусьцілі ветразь і так насіліся.
  18. На другі дзень, з прычыны вялікае буры, пачалі выкідваць груз.
  19. а на трэйці мы сваімі рукамі павыкідалі з карабля рэчы.
  20. Але як многа дзён ня відаць было ні сонца, ні зорак, а бура набірала ў моцы, дык нарэшце зьнікла ўсякая надзея на нашае выратаваньне.
  21. І як доўга ня елі, дык Павал, стаўшы сярод іх, сказаў: мужы! трэба было паслухацца мяне і не адыходзіць ад Крыта, чым бы і ўніклі мы гэтых нягодаў і шкоды;
  22. а цяпер умаўляю вас падбадзёрыцца духам, бо ніводная душа з вас не загіне, а толькі карабель;
  23. бо анёл Бога, Якому належу я і Якому служу, зьявіўся мне сёньня ўначы
  24. і сказаў: ня бойся! Паўле! табе трэба паўстаць перад кесарам, і вось, Бог дараваў табе ўсіх, што плывуць з табою.
  25. Таму падбадзёрцеся духам, мужы, бо я веру Богу, што будзе так, як мне сказана:
  26. нам выпадае быць выкінутымі на якую-небудзь выспу.
  27. У чатырнаццатую ноч, як насіла нас па Адрыятычным моры, пад поўнач, карабельнікі пачалі здагадвацца, што набліжаюцца да нейкай зямлі,
  28. і, памераўшы глыбіню, знайшлі дваццаць сажняў; пасьля, адплыўшыся трохі, памералі зноў, і было ўжо пятнаццаць сажняў.
  29. Баючыся, каб не наскочыць на камяністае дно, кінулі з кармы чатыры якары, і чакалі дня.
  30. А калі карабельнікі хацелі ўцячы з карабля і спускалі на мора лодку, удаючы, быццам хочуць кінуць якары з носа,
  31. Павал сказаў сотніку і воінам: калі яны не застануцца на караблі, вы ня зможаце ўратавацца.
  32. Тады воіны абсеклі вяроўкі ў лодкі, і яна ўпала.
  33. На досьвітку Павал угаворваў усіх прыняць ежу, кажучы: сёньня чатырнаццаты дзень, як вы ў чаканьні, застаяцеся бязь ежы, ня еўшы нічога;
  34. Таму прашу вас прыняць ежу: гэта паспрыяе ратунку вашага жыцьця; бо ні ў кога з вас не прападзе волас з галавы.
  35. Сказаўшы гэта і ўзяўшы хлеб, ён падзякаваў Богу перад усімі і, разламаўшы яго, пачаў есьці.
  36. Тады ўсе падбадзёрыліся і таксама прынялі ежу;
  37. а было ўсіх нас на караблі дзьвесьце семдзесят шэсьць душ.
  38. І наеўшыся, пачалі аблягчаць карабель, выкідаючы пшаніцу ў мора.
  39. Калі настаў дзень, зямлі не пазнавалі, а ўбачылі толькі нейкую затоку зь нізкім берагам, да якога і адважыліся, калі можна, прыстаць з караблём.
  40. І падняўшы якары, рушылі морам і, адвязаўшы стырно і падняўшы малы ветразь па ветры, пакіравалі да берага.
  41. Наплылі на касу, і карабель сеў на мялізну: нос угруз і стаў нярухомы, а карма разьбівалася сілаю хваляў.
  42. А воіны змовіліся былі пазабіваць вязьняў, каб каторы, выплыўшы, ня ўцёк.
  43. Але сотнік, хочучы ўратаваць Паўла, утрымаў іх ад тога намеру і загадаў тым, хто ўмее плаваць, першым скакаць і выйсьці на зямлю,
  44. а астатнім ратавацца каму на дошках, каму на чым-колечы ад карабля. І такім чынам усе ўратаваліся на зямлю.

Постоянная ссылка на эту страницу old.bibleonline.ru/bible/bel/44/27/.

Выбор перевода и языка



© Библия Онлайн, 2003-2024
Перейти на новую версию сайта.