1. І сказаў Гасподзь Майсею: ідзі да фараона і скажы яму: так кажа Гасподзь, Бог Габрэяў: адпусьці народ Мой, каб ён учыніў Мне служэньне;
  2. бо калі ты не захочаш адпусьціць і яшчэ будзеш трымаць яго,
  3. дык вось, рука Гасподняя будзе на быдле тваім, якое ў полі, на конях, на аслах, на вярблюдах, на валах і авечках: будзе згубная пошасьць вельмі цяжкая;
  4. і падзеліць Гасподзь паміж быдлам Ізраільскім і быдлам Егіпецкім, і з усяго сыноў Ізраілевых не памрэ нічога.
  5. І назначыў Гасподзь час, сказаўшы: заўтра зробіць гэта Гасподзь у зямлі гэтай.
  6. І зрабіў гэта Гасподзь на другі дзень, і паздыхала ўсё быдла Егіпецкае; а з быдла сыноў Ізраілевых не памерла нічога.
  7. Фараон паслаў даведацца, і вось з быдла сыноў Ізраілевых ня здохла нічога. Але сэрца фараонава жорстка зацялося, і ён не адпусьціў народу.
  8. І сказаў Гасподзь Майсею і Аарону: вазьмеце па поўнай жмені попелу зь печы, і хай кіне яго Майсей пад неба на вачах у фараона;
  9. і падымецца пыл па ўсёй зямлі Егіпецкай, і будзе на людзях і на быдле запаленьне з нарывамі, ва ўсёй зямлі Егіпецкай.
  10. Яны ўзялі попелу зь печы і сталі перад абліччам фараона. Майсей кінуў яго пад неба, і зрабілася запаленьне з нарывамі на людзях і на быдле.
  11. І не маглі магі ўстояць перад Майсеем з прычыны запаленьня, бо запаленьне было на магах і на ўсіх Егіпцянах.
  12. Але Гасподзь ачэрсьцьвіў сэрца фараона, і ён не паслухаўся іх, як і казаў Гасподзь Майсею.
  13. І сказаў Гасподзь Майсею: заўтра ўстань рана і зьявіся перад аблічча фараона і скажы яму: так кажа Гасподзь, Бог Габрэяў: адпусьці народ Мой, каб ён учыніў Мне служэньне;
  14. бо гэтым разам Я пашлю ўсе пошасьці Мае ў сэрца тваё, і на рабоў тваіх, і на народ твой, каб ты ўведаў, што няма падобнага на Мяне на ўсёй зямлі;
  15. як бо Я працягнуў руку Маю, дык пакараў бы цябе і народ твой пошасьцю, і ты зьнішчаны быў бы зь зямлі:
  16. але на тое Я захаваў цябе, каб паказаць на табе сілу Маю, і каб вернута было імя Маё па ўсёй зямлі;
  17. ты яшчэ супрацьстаіш народу Майму, каб не адпускаць яго, —
  18. вось, Я пашлю заўтра, у гэты самы час, град вельмі моцны, падобнага на які ня было ў Егіпце з дня заснаваньня яго да сёньня:
  19. дык вось, пашлі сабраць статкі твае і ўсё, што ёсьць у цябе ў полі: на ўсіх людзей і быдла, якія застануцца ў полі і не зьбяруцца ў дамы, упадзе град і яны памруць.
  20. Тыя з рабоў фараонавых, якія баяцца слова Гасподняга, сьпешна сабралі рабоў сваіх і статкі свае ў дамы;
  21. а хто не павярнуў сэрца свайго да слова Гасподняга, той пакінуў рабоў сваіх і статкі свае ў полі.
  22. І сказаў Гасподзь Майсею: працягні руку тваю да неба, і ўпадзе град на ўсю зямлю Егіпецкую, на людзей, на быдла і на ўсю траву польную ў зямлі Егіпецкай.
  23. І працягнуў Майсей посах свой да неба, і Гасподзь утварыў гром і град, і агонь разьліваўся па зямлі; і паслаў Гасподзь град на зямлю Егіпецкую;
  24. і быў град і агонь паміж градам, вельмі моцны, якога ня было ва ўсёй зямлі Егіпецкай з часу засяленьня яе.
  25. І пабіў град па ўсёй зямлі Егіпецкай усё, што было ў полі, ад чалавека да быдла, і ўсю траву польную пабіў град, і ўсе дрэвы ў полі паламаў;
  26. толькі ў зямлі Гесэм, дзе жылі сыны Ізраілевыя, ня было граду.
  27. І паслаў фараон, і паклікаў Майсея і Аарона, і сказаў ім: гэтым разам я зграшыў; Гасподзь справядлівы, а я і народ мой вінаватыя;
  28. памалецеся Госпаду; хай перастануць грамы Божыя і град, і адпушчу вас і ня буду больш трымаць.
  29. Майсей сказаў яму: як толькі я выйду з горада, і граду больш ня будзе, каб ты ўведаў, што Гасподняя зямля;
  30. але я ведаю, што ты і рабы твае яшчэ не ўбаіцеся Госпада Бога.
  31. Лён і ячмень былі пабітыя, таму што ячмень выкаласаваў і лён абнасеньніўся,
  32. а пшаніца і жыта не пабітыя, бо яны былі позьнія.
  33. І выйшаў Майсей ад фараона з горада і працягнуў рукі свае да Госпада, і спыніліся гром і град, і дождж перастаў ліцца на зямлю.
  34. І ўбачыў фараон, што перастаў дождж і град і гром, і грашыў далей, і абцяжарыў сэрца сваё ён і рабы ягоныя.
  35. І ачэрсьцьвіў сэрца фараонавае, і ён не адпусьціў сыноў Ізраілевых, як і казаў Гасподзь пра Майсея.

Постоянная ссылка на эту страницу old.bibleonline.ru/bible/bel/02/09/.

Выбор перевода и языка



© Библия Онлайн, 2003-2024
Перейти на новую версию сайта.