Абакум, разьдзел 3
- Малітва Абакума прарока, на сьпеў.
- Госпадзе, пачуў я слых Твой і спалохаўся. Госпадзе! учыні дзею Тваю сярод гадоў, сярод гадоў яві яе; у гневе ўспомні пра літасьць.
- Бог ад Тэмана ідзе і Сьвяты — ад гары Фаран. Пакрыла нябёсы веліч Яго, і славаю Яго напоўнілася зямля.
- Бляск яе — як сонечнае сьвятло; ад рукі Ягонай прамяні, і тут тайнік Яго сілы!
- Перад абліччам Яго ідзе пошасьць, а па ступаках Яго — палючы вецер.
- Ён стаў — і пахіснуў зямлю; паглядзеў — і ў трымценьне ўвёў народы; векавечныя горы распаліся, першабытныя пагоркі апалі; шляхі Яго — вечныя.
- Смутнымі бачыў я намёты Эфіопскія; патрэсьліся палаткі зямлі Мадыямскай.
- Хіба ж на рэкі запалаў, Госпадзе, гнеў Твой? хіба на рэкі — абурэньне Тваё, альбо на мора — лютасьць Твая, што Ты ўзышоў на коней Тваіх, на калясьніцы Твае выратавальныя?
- Ты агаліў лук Твой паводле прысяжнага абяцаньня, дадзенага каленам. Ты патокамі расьсек зямлю.
- Убачыўшы Цябе, затрымцелі горы, лінулі воды; бездань дала голас свой, высока ўзьняла рукі свае;
- сонца і месяц спыніліся на месцы сваім перад сьвятлом лятучых стрэлаў Тваіх, перад зьзяньнем бліскучых дзідаў Тваіх.
- У гневе крочыш Ты па зямлі і ў абурэньні топчаш народы.
- Ты выступаеш дзеля ўратаваньня народу Твайго, дзеля ўратаваньня памазанца Твайго. Ты зьнішчаеш галаву бязбожнага дома, агаляючы яго ад асновы да верху.
- Ты пранізваеш дзідамі яго галаву правадыроў яго, калі яны як віхура кінуліся разьбіраць мяне, у радасьці, нібы думаючы праглынуць гаротнага ўпотай.
- Ты з конямі Тваімі праклаў дарогу па моры, праз багну вялікіх водаў.
- Я пачуў — і затрапятала нутроба мая; пры вестцы пра гэта задрыжалі губы мае, боль пранік у косьці мае, і хістаецца месца пад мною; а я павінен быць спакойны ў дзень бедства, калі прыйдзе на народ мой рабаўнік яго.
- Хоць бы не расьцвіла смакоўніца і ня было плоду на вінаградных лозах, і масьліна здрадзіла і ніва не дала ежы, хоць бы ня стала авечак у кашары і рагатага быдла ў стойлах,
- але і тады я буду радавацца ў Госпадзе і весяліцца ў Богу збавеньня майго.
- Гасподзь Бог — сіла мая: Ён зробіць ногі мае як у аленя і на вышыні мае ўзьвядзе мяне! (Начальніку хору).
|
Выбор перевода и языка
|