Лікі, разьдзел 14
- І нарабіла ўсё супольства ляманту, і плакаў народ усю тую ноч;
- і наракалі на Майсея і Аарона ўсе сыны Ізраілевыя, і ўсё супольства сказала ім: о, лепей бы мы памерлі ў зямлі Егіпецкай, альбо сканалі ў пустыні гэтай!
- і навошта Гасподзь вядзе нас у зямлю гэтую, каб мы загінулі ад меча? жонкі нашыя і дзеці нашыя дастануцца ў здабычу ворагам; ці ня лепей нам вярнуцца ў Егіпет?
- І сказалі адзін аднаму: паставім сабе правадыра і вернемся ў Егіпет.
- І ўпалі Майсей і Аарон на абліччы свае перад усім сходам супольства сыноў Ізраілевых.
- І Ісус, сын Наваў, і Халеў, сын Ефаніін, з тых, што аглядалі зямлю, разадралі вопратку на сабе
- і сказалі ўсяму супольству сыноў Ізраілевых: зямля, якую мы праходзілі дзеля агляду, вельмі, вельмі добрая;
- калі Гасподзь літасьцівы да нас, дык увядзе нас у зямлю гэтую і дасьць нам яе — гэтую зямлю, у якой цячэ малако і мёд;
- толькі супроць Госпада не паўставайце і ня бойцеся народу зямлі гэтай, бо ён дастанецца нам у наедак: абароны ў іх ня стала, а з намі Гасподзь; ня бойцеся іх.
- І сказала ўсё супольства: пабіць іх камянямі! Але слава Гасподняя явілася ў скініі сходу ўсім сынам Ізраілевым.
- І сказаў Гасподзь Майсею: дакуль будзе дражніць Мяне народ гэты? і дакуль ён будзе ня верыць Мне пры ўсіх азнаках, якія рабіў Я сярод яго?
- пакараю яго пошасьцю і зьнішчу яго і выведу ад цябе народ болей шматлікі і мацнейшы за яго.
- Але Майсей сказаў Госпаду: пачуюць Егіпцяне, спасярод якіх Ты сілаю Тваёю вывеў народ гэты,
- і скажуць жыхарам зямлі гэтай, якія чулі, што Ты, Госпадзе, сярод народу гэтага, і што Ты, Госпадзе, дазваляеш ім бачыць Сябе твар у твар, і воблака Тваё стаіць над імі, і Ты ідзеш перад імі ўдзень у слупе воблачным, а ўначы ў слупе вогненным;
- і калі Ты зьнішчыш народ гэты, як аднаго чалавека, дык народы, якія чулі славу Тваю, скажуць:
- Гасподзь ня мог увесьці народ гэты ў зямлю, якую Ён запрысягнуўся даць яму, а таму і загубіў яго ў пустыні.
- Дык вось, няхай узьвялічыцца сіла Гасподняя, як Ты сказаў, кажучы:
- Гасподзь доўгацярплівы і шматлітасьцівы, даруе беззаконьні і злачынствы, і не пакідае без пакараньня, а карае беззаконьне бацькоў у дзецях да трэцяга і чацьвёртага роду.
- Даруй грэх народу гэтаму зь вялікай міласьці Тваёй, як Ты дараваў народу гэтаму ад Егіпта дагэтуль.
- І сказаў Гасподзь: дарую па слове тваім:
- але жывы Я, і славай Гасподняй поўная ўся зямля;
- усе, хто бачыў славу Маю і азнакі Мае, зробленыя Мною ў Егіпце і ў пустыні, і ня слухалі голасу Майго,
- ня ўбачаць зямлі, якую Я запрысягнуўся даць бацькам іхнім; усе, хто дражніў Мяне, ня ўбачаць яе;
- але раба Майго, Халева, за тое, што ў ім быў іншы дух, і ён цалкам слухаўся Мяне, увяду ў зямлю, у якую ён хадзіў, і семя ягонае ўспадкуе яе;
- Амалікіцяне і Хананэі жывуць у даліне; заўтра павярнецеся і ідзеце ў даліну да Чэрмнага мора.
- І наказаў Гасподзь Майсею сказаць:
- дакуль ліхое супольства гэтае будзе наракаць на Мяне? Нараканьне сыноў Ізраілевых, якім яны наракаюць на Мяне, Я чую.
- Скажы ім: жыву Я, кажа Гасподзь: як казалі вы ў вушы Мне, так і зраблю вам;
- у пустыні гэтай палягуць целы вашыя, і ўсе вы палічаныя, колькі вас лікам, ад дваццаці гадоў і вышэй, якія наракалі на Мяне,
- ня ўвойдзеце ў зямлю, на якой Я, падымаючы руку Маю, прысягаўся асяліць вас, акрамя Халева, сына Ефаніінага, і Ісуса, сына Нававага;
- дзяцей вашых, пра якіх вы казалі, што яны дастануцца здабычай ворагам, Я ўвяду туды, і яны ўведаюць зямлю, якою вы пагардзілі,
- а вашыя трупы палягуць у пустыні гэтай;
- а сыны вашыя будуць качаваць у пустыні сорак гадоў і будуць несьці кару за блудадзейства вашае, пакуль не загінуць усе целы вашыя ў пустыні;
- па ліку сарака дзён, у якія вы аглядалі зямлю, вы панесяце кару за грахі вашыя сорак гадоў, год за дзень, каб вы спазналі, што значыцца быць пакінутым Мною.
- Я, Гасподзь, кажу і так зраблю з усім гэтым ліхім супольствам, што паўстала супроць Мяне: у пустыні гэтай усе яны загінуць і перамруць.
- І тыя, каго пасылаў Майсей на агледзіны зямлі, і якія, вярнуўшыся, узбурылі супроць яго ўсё гэта супольства, распускаючы ліхія чуткі пра зямлю,
- гэтыя, што распусьцілі благія чуткі пра зямлю, памерлі, пабітыя прад Госпадам;
- толькі Ісус, сын Наваў, і Халеў, сын Ефаніін, засталіся жывыя з тых мужоў, якія хадзілі аглядаць зямлю.
- І сказаў Майсей словы гэтыя перад усімі сынамі Ізраілевымі, і народ моцна засмуціўся.
- І ўстаўшы з самага рана, пайшлі на вяршыню гары, кажучы: вось, мы пойдзем на тое месца, пра якое сказаў Гасподзь, бо мы зграшылі.
- Майсей сказаў: навошта вы пераступаеце загад Гасподні? гэта ня дасьць посьпеху;
- не хадзеце, бо няма сярод вас Госпада, каб не пабілі вас ворагі вашыя;
- бо Амалікіцяне і Хананэі там перад вамі, і вы паляжаце ад меча, бо вы адступіліся ад Госпада, і ня будзе з вамі Госпада.
- Але яны дзёрзка рашылі падняцца на вяршыню гары; а каўчэг запавета Гасподняга і Майсей не пакідалі табару.
- І сышлі Амалікіцяне і Хананэі, якія жылі на гары той, і разьбілі іх, і гналі іх да Хормы.
|
Выбор перевода и языка
|