1. І наказаў Гасподзь Майсею, кажучы:
  2. зрабі сабе дзьве срэбраныя трубы, каваныя зрабі іх, каб яны служылі табе на скліканьне супольства і каб здымаць табары;
  3. калі затрубяць у іх, зьбярэцца да цябе ўсё супольства да ўваходу ў скінію сходу:
  4. калі ў адну трубу затрубяць, зьбяруцца да цябе князі і тысячнікі Ізраільскія;
  5. калі затрубіце трывогу, падымуцца табары, што стаяць з усходу;
  6. калі другі раз затрубіце трывогу, падымуцца табары, што стаяць з поўдня; трывогу няхай трубяць, калі яны выпраўляюцца ў дарогу;
  7. а калі трэба склікаць сход, трубеце, але ня трывогу;
  8. сыны Ааронавыя, сьвятары, павінны трубіць у трубы: гэта будзе вам пастанова вечная ў роды вашыя;
  9. і калі пойдзеце на вайну ў зямлі вашай супроць ворага, які наступацьме на вас, трубеце трывогу ў трубы, — і будзеце ўспомненыя перад Госпадам, Богам вашым, і ўратаваныя будзеце ад ворагаў вашых;
  10. і ў дзень весялосьці вашай, і ў сьвяты вашыя, і ў час маладзікоў вашых трубеце ў трубы пры цэласпаленьнях вашых і пры мірных ахвярах вашых, — і гэта будзе нагадваць пра вас перад Богам вашым. Я Гасподзь, Бог ваш.
  11. На другі год, у другі месяц, на дваццаты дзень месяца, паднялося воблака ад скініі адкрыцьця;
  12. і выправіліся сыны Ізраілевыя па табарах сваіх з пустыні Сінайскай, і спынілася воблака ў пустыні Фаран.
  13. І падняліся яны першы раз, па загадзе Гасподнім, дадзеным праз Майсея.
  14. Падняты быў найперш прапар сыноў Юдавых па рушэньнях іхніх; над рушэньнем іхнім Наасон, сын Амінадаваў;
  15. і над рушэньнем племені сыноў Ісахаравых Натанаіл, сын Цуараў;
  16. і над рушэньнем племені сыноў Завулонавых Эліяў, сын Хэлонаў.
  17. І зьнята была скінія, і пайшлі сыны Гірсонавыя і сыны Мэрарыныя, якія носяць скінію.
  18. І падняты быў сьцяг табару Рувімавага па рушэньнях іхніх; і над рушэньнем ягоным Эліцур, сын Шэдэураў;
  19. і над рушэньнем племені сыноў Сымонавых Шэлумііл, сын Цурышадаеў;
  20. і над рушэньнем племені сыноў Гадавых Эліясаф, сын Рэгуілаў.
  21. Потым пайшлі сыны Каатавыя, якія носяць сьвятыню; а скінію ставілі да іхняга прыходу.
  22. і падняты быў сьцяг табару сыноў Яфрэмавых па рушэньнях іхніх; і над рушэньнем іхнім Элішама, сын Аміудаў;
  23. і над рушэньнем племені сыноў Манасііных Гамалііл, сын Пэдацураў:
  24. і над рушэньнем племені сыноў Веньямінавых Авідан, сын Гідэонаў.
  25. Апошні з усіх табараў падняты быў сьцяг табару сыноў Данавых з рушэньнямі іхнімі: і над рушэньнем іхнім Ахіезэр, сын Амішадаеў;
  26. і над рушэньнем племені сыноў Асіравых Пагііл, сын Ахранаў;
  27. і над рушэньнем племені сыноў Нэфталімавых Ахіра, сын Энанаў.
  28. Вось парадак шэсьця сыноў Ізраілевых па рушэньнях іхніх. І выправіліся яны.
  29. І сказаў Майсей Хававу, сыну Рагуілаваму, Мадыяніцяніну, родзічу Майсееваму: мы выпраўляемся ў тую мясьціну, пра якую Гасподзь сказаў: вам аддам яе; ідзі з намі, мы зробім табе дабро, бо Гасподзь добрае мовіў пра Ізраіля.
  30. Але ён сказаў яму: не пайду; я пайду ў сваю зямлю і на сваю радзіму.
  31. А Майсей сказаў: не пакідай нас, бо ты ведаеш, як разьмяшчаемся мы табарам у пустыні, і будзеш нам вокам;
  32. калі пойдзеш з намі, дык дабро, якое Гасподзь зробіць нам, мы зробім табе.
  33. І выправіліся яны ад гары Гасподняй на тры дні дарогі, і, каб нагледзець мясьціну, дзе спыніцца.
  34. І воблака Гасподняе ахінала іх удзень, калі яны выпраўляліся з табару.
  35. Калі падымаўся каўчэг у дарогу, Майсей казаў: паўстань, Госпадзе, і рассыплюцца ворагі Твае, і пабягуць ад аблічча Твайго ненавісьнікі Твае!
  36. А калі спыняўся каўчэг, ён казаў: вярніся Госпадзе, да тысячаў і цьмоў Ізраілевых!

Постоянная ссылка на эту страницу old.bibleonline.ru/bible/bel/04/10/.

Выбор перевода и языка



© Библия Онлайн, 2003-2024
Перейти на новую версию сайта.