1. Слаўце Госпада; заклікайце імя Ягонае; абвяшчайце ў народах дзеі Ягоныя.
  2. Сьпявайце Яму і грайце Яму; раскажэце пра ўсе цуды Ягоныя.
  3. Хвалецеся імем Ягоным сьвятым; хай цешыцца сэрца ў тых, хто шукае Госпада.
  4. Шукайце Госпада і сілы Ягонай, шукайце аблічча Ягонага заўсёды.
  5. Згадвайце цуды Ягоныя, якія ўчыніў, азнакі Ягоныя і суд вуснаў Ягоных,
  6. вы, семя Абрагамавае, рабы Ягоныя, сыны Якава, выбранцы Ягоныя.
  7. Ён Гасподзь Бог наш; па ўсёй зямлі суды Ягоныя.
  8. Вечна Ён памятае Свой запавет, слова, якое запавядаў тысячам родаў,
  9. якое запавядаў Абрагаму, і клятву сваю Ісааку,
  10. і паставіў тое Якаву законам, і Ізраілю запаветам вечным,
  11. кажучы: табе дам зямлю Ханаанскую як часьціну спадчыны вашай.
  12. Калі іх было яшчэ лікам мала, вельмі мала, і былі яны прыхадні ў ёй,
  13. і пераходзілі ад народу да народу, з царства да іншага племя,
  14. нікому не дазваляў крыўдзіць іх, і за іх цароў дакараў:
  15. «не дакранайцеся да памазанцаў Маіх, і прарокам Маім не рабеце зла».
  16. І наклікаў голад на зямлю; кожнае хлебнае сьцябло паламаў.
  17. Паслаў перад імі чалавека: у рабы быў прададзены Язэп.
  18. Скавалі аковамі ногі яму, у жалеза ўвайшла душа ягоная,
  19. пакуль спраўдзілася слова Ягонае: слова Гасподняе выпрабавала яго.
  20. Паслаў цар, і разьвязалі яго; уладар народаў, і вызваліў яго.
  21. Паставіў яго гаспадаром над домам сваім і ўпраўцам над усім валоданьнем сваім,
  22. каб ён настаўляў валадароў ягоных паводле сваёй душы і старэйшын ягоных вучыў мудрасьці.
  23. Тады прыйшоў Ізраіль у Егіпет, і перасяліўся Якаў у зямлю Хамаву,
  24. і вельмі размножыў Бог народ Свой, і зрабіў яго мацнейшым за ворагаў ягоных.
  25. Абудзіў у сэрцы іхнім нянавісьць супроць народу Ягонага і хітрасьць супроць рабоў Ягоных.
  26. Паслаў Майсея, раба Свайго, Аарона, якога абраў.
  27. Яны паказалі сярод іх слова азнакаў Ягоных і дзівосы Ягоныя ў зямлі Хамавай.
  28. Паслаў цемру, і зрабіў морак, і не зрабілі супору слову Ягонаму.
  29. Ператварыў іхнюю ваду ў кроў, і замарыў рыбу іхнюю.
  30. Зямля іхняя ўрадзіла шмат жаб нават у спальні цароў іхніх.
  31. Ён сказаў, і прыйшлі розныя насякомыя, воды ва ўсе іхнія межы.
  32. Замест дажджу паслаў на іх град, вагонь пякучы на зямлю іхнюю.
  33. І пабіў вінаград іхні і смакоўніцы іхнія, і паваліў дрэвы ў межах іхніх.
  34. Сказаў, і прыйшла саранча, і безьліч вусеняў;
  35. і паелі ўсю траву на зямлі іхняй, і паелі плады на палях іхніх.
  36. І забіў кожнага першынца ў зямлі іхняй, пачаткі ўсёй сілы іхняй.
  37. І вывеў іх з срэбрам і золатам, і ня было ў іхніх плямёнах хворага.
  38. Узрадаваўся Егіпет выхаду іхняму; бо страх ад іх напаў на яго.
  39. Прасьцёр ім хмару як заслону і вагонь, каб сьвяціў ім ноччу.
  40. Прасілі, і Ён паслаў перапёлак, і хлебам нябесным карміў іх.
  41. Раскалоў камень, і пацяклі воды, пацяклі ракою па мясьцінах сухіх,
  42. бо ўзгадаў Ён сьвятое слова Сваё да Абрагама, раба Свайго,
  43. і вывеў народ Свой у радасьці, выбранцаў Сваіх у весялосьці:
  44. і даў ім землі народаў, і перанялі яны працу людзкую,
  45. каб трымаліся пастановаў Ягоных і законы Ягоныя захоўвалі. Алілуя!

Постоянная ссылка на эту страницу old.bibleonline.ru/bible/bel/19/105/.

Выбор перевода и языка



© Библия Онлайн, 2003-2024
Перейти на новую версию сайта.