1. Кіроўцу хору Ідутумавага. Псальма Асафава.
  2. Голас мой да Бога, і я буду клікаць; голас мой да Бога, і Ён пачуе мяне.
  3. У дзень скрухі маёй шукаю Госпада; рука мая працягнута ўначы, і не апускаецца; душа мая ня хоча суцешанай быць.
  4. Пра Бога згадваю, і дрыжу; разважаю, і зьнемагае мой дух.
  5. Ты не даеш мне вачэй маіх зьмежыць; я ашаломлены, і не магу гаварыць.
  6. Разважаю пра даўнія дні, пра гады пракаветныя;
  7. узгадваю песьні мае начныя, гутару з сэрцам маім, і выпрабоўвае дух мой:
  8. няўжо назаўсёды адкінуў, Гасподзь, і ня будзе больш дабраволіць?
  9. няўжо назаўсёды міласьць Яго перастала быць, і спынілася слова Ягонае з роду ў род?
  10. няўжо Бог забыўся мілаваць? няўжо ў гневе спыніў шчадроты Свае?
  11. І сказаў я: вось гора маё — перамена правіцы Ўсявышняга.
  12. Буду ўспамінаць пра дзеі Гасподнія! буду ўспамінаць пра даўнія цуды Твае.
  13. Буду ў кожны Твой чын заглыбляцца, разважаць пра вялікія дзеі Твае.
  14. Божа! сьвятая дарога Твая. Які Бог такі вялікі, як Бог наш!
  15. Ты — Бог, Які творыць цуды; Ты паказаў магутнасьць Сваю сярод народаў;
  16. Ты вызваліў народ Твой рукою сыноў Якава і Язэпа.
  17. Бачылі Цябе, Божа, воды, бачылі Цябе воды, і напалохаліся, і скалануліся бездані.
  18. Аблокі вылівалі воды, хмары аддавалі гром, і лёталі стрэлы Твае.
  19. Голас грому Твайго ў коле нябесным; маланкі асьвятлялі сьвет; зямля трэслася і скаланалася.
  20. Шлях Твой у моры, і сьцежка Твая ў водах вялікіх, і сьляды Твае невядомыя.
  21. Як статак, вёў Ты народ Твой рукою Майсея і Аарона.

Постоянная ссылка на эту страницу old.bibleonline.ru/bible/bel/19/77/.

Выбор перевода и языка



© Библия Онлайн, 2003-2024
Перейти на новую версию сайта.