1. Кіроўцу хору. Псальма Давідава,
  2. калі да яго прыходзіў прарок Натан пасьля таго, як Давід увайшоў да Вірсавіі.
  3. Зьлітуйся, Божа, зь мяне ў вялікай ласцы Тваёй, і ў мностве шчадротаў Тваіх загладзь беззаконьні мае!
  4. Адмый мяне шматкроць ад беззаконьня майго, і ад грэху майго ачысьці мяне:
  5. бо беззаконьне маё я ўсьведамляю, і грэх мой заўсёды перада мною.
  6. Табе, Табе аднаму я зграшыў і прад вачыма Тваімі благое ўчыніў: таму справядлівы Ты будзеш у прысудзе Тваім, і чысты ў судзе Тваім.
  7. Вось, я ў беззаконьні зачаты, і ў грэху маці мая нарадзіла мяне.
  8. Вось, палюбіў Ты праўду ў сэрцы і ўліў у мяне тайную мудрасьць.
  9. Акрапі мяне ісопам, і ачышчуся: абмый мяне, і бялей за сьнег адбялюся.
  10. Дай мне ўцеху пачуць і радасьць, і ўзрадуюцца косьці, Табою паламаныя.
  11. Адвярні аблічча Тваё ад грахоў маіх і загладзь усе беззаконьні мае.
  12. Чыстае сэрца ўмацуй ува мне, Божа, і дух справядлівы аднаві ўва мне.
  13. Не адкінь мяне ад аблічча Твайго і Духа Твайго Сьвятога не адбірай у мяне.
  14. Вярні мне радасьць збавеньня Твайго, і Духам Уладным мяне падтрымай.
  15. Я навучу беззаконцаў дарогам Тваім, і бязбожныя да Цябе навернуцца.
  16. Вызваль мяне ад крывавасьці, Божа, Божа ратунку майго; і язык мой уславіць праўду Тваю.
  17. Госпадзе! адкрый вусны мае, і вусны мае прагалосяць славу Табе:
  18. бо калі б ахвяры Ты пажадаў, я даў бы яе; цэласпаленьне Табе не падабаецца.
  19. Ахвяра Богу — дух упакораны; сэрца ўпакоранае і зьміранае Бог ня зьнішчае.
  20. Ушчасьліві, Госпадзе, добрай воляй Тваёю Сіён, і хай паўстануць муры Ерусалімскія.
  21. Тады ўпадабаеш Ты ахвяру праўды, прынашэньні і цэласпаленьні; тады пакладуць на алтар Твой цялят.

Постоянная ссылка на эту страницу old.bibleonline.ru/bible/bel/19/51/.

Выбор перевода и языка



© Библия Онлайн, 2003-2024
Перейти на новую версию сайта.