1. Вучэньне Асафава. Навошта, Божа, назаўсёды Ты нас адкінуў? распаліўся Твой гнеў на авечак пашаў Тваіх?
  2. Успомні пра збор Твой, які Ты прыдбаў здавён, пра племя спадчыны Тваёй, якое Ты адкупіў, — пра гэту гару Сіён, на якой Ты пасяліўся.
  3. Падымі Твае ногі да вечных руінаў: усё вораг разбурыў у сьвятыні.
  4. Рыкаюць ворагі Твае сярод сходаў Тваіх, паставілі знакі свае замест нашых азнакаў;
  5. выдавалі сябе падобнымі на таго, хто падымаў сякеру на перавітае вецьце дрэва;
  6. і сёньня ўсе рэзьбы ў ім адным разам разьбілі яны сякерамі і бярдышамі;
  7. сьвятыню Тваю на вагонь аддалі, сялібу Твайго імя дашчэнту заплямілі;
  8. сказалі ў сэрцы сваім: «зруйнуем іх зусім!» — і спалілі ўсе мясьціны Божых сходаў на зямлі.
  9. Азнакаў нашых мы ня бачым, няма больш прарока, і няма з намі таго, хто ведаў бы, дакуль гэта будзе.
  10. Дакуль, Божа, вораг зьдзек чыніць будзе? ці вечна будзе агуднік імя Тваё ганіць?
  11. Навошта ўхіляеш руку Тваю і правіцу Тваю? Зь сярэдзіны ўлоньня Твайго іх панішчы.
  12. Божа, Цару мой адвеку, Ты чыніш ратаваньне пасярод зямлі!
  13. Ты разьдзяліў сілаю Тваёю мора, Ты патрушчыў галовы зьмеям на водах;
  14. Ты струшчыў галаву левіяфану, аддаў яго на ежу народу ў пустыні.
  15. Ты выкрасаў паток і крыніцу, Ты высушыў рэкі вялікія.
  16. Твой дзень і Твая ноч; падрыхтаваў Ты сьвяцілы і сонца;
  17. Ты правёў усе межы зямлі, лета і зіму Ты ўтварыў.
  18. Прыгадай жа: вораг Госпада зьневажае, і неразумныя людзі ганяць імя Тваё.
  19. Не аддай зьвярам душы Тваёй галубіцы; сходаў убогіх Тваіх не забудзь назаўсёды.
  20. Дагледзь запавет Твой, бо цямноты зямлі поўныя жытлішчамі гвалту.
  21. Хай ня вернецца прыгнечаны ў сораме; гаротны і ўбогі хай славяць імя Тваё.
  22. Паўстань, Божа, абарані дзеі Твае, успомні штодзённае зьневажаньне Цябе неразумнымі;
  23. не забудзь крыкаў ворагаў Тваіх; шум паўсталых супроць Цябе ўвесь час падымаецца.

Постоянная ссылка на эту страницу old.bibleonline.ru/bible/bel/19/74/.

Выбор перевода и языка



© Библия Онлайн, 2003-2024
Перейти на новую версию сайта.