Ёв, разьдзел 41
- Марная надзея: ці не ўпадзеш ад аднаго позірку ягонага?
- Няма такога адважніка, які асьмеліўся б патрывожыць яго; хто ж можа ўстояць прад Маім абліччам?
- Хто апярэдзіў Мяне, каб Я даваў яму? пад усім небам усё Маё.
- Ня змоўчу пра чэлесы ягоныя, пра сілу і прыгожую суразьмернасьць іх.
- Хто можа адхінуць верх вопраткі ягонай, хто падыдзе да двайных сківіцаў ягоных?
- Хто можа адчыніць дзьверы твару ягонага? кола зубоў ягоных — жудасьць;
- моцныя шчыты яго — цудота: яны змацаваныя як бы цьвёрдаю пячаткаю;
- адзін да аднаго дакранаюцца блізка, так што і паветра не праходзіць паміж імі;
- адзін з адным ляжаць шчыльна, счапіліся і не размыкаюцца.
- Ад яго чханьня паказваецца сьвятло; вочы ў яго як вейкі зары;
- з пашчы ягонай выходзяць агнявікі, выскокваюць вогненныя іскры;
- з ноздраў ягоных выходзіць дым, як з раскіпелага горшчыка альбо катла.
- Дыханьне яго распаляе вугольле, з пашчы яго шугае полымя.
- На шыі ў яго жыве сіла, і перад ім бяжыць жах.
- Мясістыя часткі цела ягонага спалучаны між сабою цьвёрда, не здрыгануцца.
- Сэрца ў яго цьвёрдае, як камень, і жорсткае, як ніжні жарон.
- Калі ён падымаецца, дужыя ў страху, зусім губляюцца ад жаху.
- Меч, які крануўся яго, ня ўстоіць, ні капэё, ні дзіда, ні латы.
- Жалеза ён мае за салому, медзь — за гнілое дрэва.
- Дачка лука не паверне яго наўцёкі; прашчавыя камяні ператвараюцца для яго ў плеўкі.
- Булава лічыцца ў яго за саломіну; са сьвісту дзіды ён сьмяецца.
- Пад ім вострыя камяні, і ён на вострых камянях ляжыць у гразі.
- Ён кіпяціць багну, як кацёл, і мора перавтварае ў кіпучую мазь;
- пакідае за сабою сьветлую сьцежку; бездань здаецца сівізнай.
- Няма на зямлі падобнага на яго: ён створаны бясстрашным;
- на ўсё высокае глядзіць адважна; ён цар над усімі сынамі ганарлівасьці.
|
Выбор перевода и языка
|