1. І адказваў Ёў і сказаў:
  2. дакуль будзеце мучыць душу маю і рваць мяне прамовамі?
  3. Вось, ужо разоў дзесяць вы сарамацілі мяне і не саромеецеся ўціскаць мяне.
  4. Калі я і сапраўды зграшыў, дык грэх мой пры мне застаецца.
  5. Калі ж вы хочаце ўзьвялічыцца над мною і ўпікнуць мяне ганьбаю маёю,
  6. дык ведайце, што Бог скінуў мяне і абклаў мяне Сваёю сеткаю.
  7. Вось, я крычу: крыўда! і ніхто ня слухае; енчу, і няма суду.
  8. Ён заступіў мне дарогу, і не магу прайсьці, і сьцежкі мае зацемрыў.
  9. Зьняў зь мяне славу маю і зьняў вянок з галавы маёй.
  10. Зусім спустошыў мяне, і я адыходжу; і, як дрэва, Ён вырваў надзею маю.
  11. Запалаў на мяне гневам Сваім і лічыць мяне сярод ворагаў Сваіх.
  12. Палкі Ягоныя прыйшлі разам і скіравалі дарогу сваю да мяне і разьмясьціліся вакол намёта майго.
  13. Братоў маіх Ён зьвёў ад мяне, і тыя, што ведалі мяне, цураюцца мяне.
  14. Пакінулі мяне блізкія мае, і знаёмыя мае забылі мяне.
  15. Прыхадні ў доме маім і служанкі мае чужым лічаць мяне; староньнім зрабіўся я ў вачах у іх.
  16. Клічу слугу майго, і ён не адгукаецца; вуснамі маімі павінен я ўмольваць яго.
  17. Дыханьне маё збрыдзела жонцы маёй, і я павінен умольваць яе дзеля дзяцей чэрава майго.
  18. Нават малыя дзеці пагарджаюць мною; падымаюся, і яны зьдзекуюцца зь мяне.
  19. Гідзяцца мною ўсе вернікі мае, і тыя, каго я любіў, абярнуліся супроць мяне.
  20. Косткі мае прыліплі да скуры маёй і мяса майго, і я застаўся толькі са скураю каля зубоў маіх.
  21. Умілажальцеся зь мяне вы, сябры мае, — бо рука Божая кранулася мяне.
  22. Навошта і вы перасьледуеце мяне, як Бог, і плоцьцю маёю ня можаце насыціцца?
  23. О, калі б запісаны былі словы мае! калі б накрэсьлены былі яны ў кнізе
  24. разцом жалезным з волавам, — на вечныя часы на камені выразаны былі!
  25. Але я ведаю, Заступнік мой жывы і стане пасьля мяне над зямлёю. І пасьля таго як мая скура будзе разбурана,
  26. і з плоці маёй я ўбачу Бога.
  27. Я ўбачу Яго сам; мае вочы, ня вочы іншага, убачаць Яго. Растае сэрца маё ў грудзях маіх!
  28. Вам трэба было б сказаць: навошта мы перасьледуем яго? Быццам корань зла знойдзены ўва мне.
  29. Збойцеся меча, бо меч ёсьць помсьнік няпраўды, і ведайце, што ёсьць суд.

Постоянная ссылка на эту страницу old.bibleonline.ru/bible/bel/18/19/.

Выбор перевода и языка



© Библия Онлайн, 2003-2024
Перейти на новую версию сайта.