1. Кіроўцу хору. На струнных інструмэнтах. Вучэньне Давідава.
  2. Пачуй, Божа, малітву маю, і ад маленьня майго не хавайся;
  3. уваж мне і пачуй мяне; я стагну ў гароце маёй і бянтэжуся
  4. ад крыку варожага, ад уціску бязбожнага; бо яны мне накідаюць беззаконьне і ў гневе супроць мяне варагуюць.
  5. Сэрца маё трапеча ўва мне і сьмяротныя страхі мяне ахапілі;
  6. страх і жудасьць мяне агарнулі, і вусьцішна мне.
  7. І сказаў я: «Хто даў бы мне крылы, як у голуба? Я паляцеў бы і супакоіўся;
  8. далёка заляцеў бы, і ў пустыні застаўся б;
  9. пасьпяшаўся б схавацца ад буры й віхуры».
  10. Разладзь, Госпадзе, і падзялі языкі іхнія, бо я гвалт і нязгоду ў горадзе бачу;
  11. удзень і ўначы яны ходзяць навокал па ягоных мурах; зладзействы і бедствы ў ім;
  12. сярод яго згуба; ашука і подступ ня сыходзяць з вуліц ягоных:
  13. бо ня вораг мяне кляне, — гэта я ператрываў бы; не ненавісьнік мой узьвялічваецца нада мною — ад яго я схаваўся б;
  14. а ты, хто быў мне тым, што і сам я сабе, сябар мой і паплечнік мой,
  15. з кім мы шчырыя гутаркі мелі і разам хадзілі ў дом Божы.
  16. Хай іх сьмерць ня міне; хай сыдуць яны жывыя ў пекла; бо злачынства ў сялібах іхніх, у іхнім сэрцы,
  17. я ж паклічу Бога, і Гасподзь мяне выратуе.
  18. Увечары і раніцай і апоўдні я буду маліць і прасіць, і Ён пачуе мой голас;
  19. выбавіць душу маю ў спакоі ад тых, хто на мяне паўстае; бо іх многа ў мяне;
  20. Бог выслухае, і суцешыць іх Той, Хто адвеку сядзіць на троне, бо няма ў іх перамены, і Бога яны не баяцца;
  21. рукі свае паднялі на тых, якія зь імі ў міры, парушылі згоду сваю;
  22. вусны ў іх гладкія, нібы масла, а ў сэрцы варожасьць у іх; словы іхнія лагаднейшыя за алей, а самі яны — мячы аголеныя.
  23. Пакінь Госпаду клопат твой, і Ён падтрымае цябе. Ніколі ня дасьць Ён праведніку пахіснуцца.
  24. Ты, Божа, зьвядзеш іх у яму пагібельную; крыважэрныя і падступныя не пражывуць палавіны дзён сваіх. А на Цябе, Госпадзе, спадзяюся.

Постоянная ссылка на эту страницу old.bibleonline.ru/bible/bel/19/55/.

Выбор перевода и языка



© Библия Онлайн, 2003-2024
Перейти на новую версию сайта.