1. Пётр і Ян ішлі разам у храм а дзявятай гадзіне малітвы.
  2. І быў чалавек, кульгавы ад улоньня маці ягонай, якога насілі і садзілі кожнага дня каля дзьвярэй храма, што называліся Прыгожымі, прасіць міласьціны ў тых, што ўваходзілі ў храм;
  3. ён, убачыўшы Пятра і Яна каля ўваходу ў храм, прасіў у іх міласьціны.
  4. Пётр зь Янам, прыгледзеўшыся да яго, сказаў: зірні на нас.
  5. І той пільна глядзеў на іх, спадзяючыся атрымаць ад іх што-небудзь.
  6. Але Пётр сказаў: срэбра і золата няма ў мяне, а што маю, тое даю табе: у імя Ісуса Хрыста Назарэя ўстань і хадзі.
  7. І, узяўшы яго за правую руку, падняў; і раптам умацаваліся ў таго ступакі і калені,
  8. і, ускочыўшы, устаў, і пачаў хадзіць, і ўвайшоў зь імі ў храм, пахаджаючы і падскокваючы, і славячы Бога,
  9. і ўсе людзі бачылі, як ён хадзіў і славіў Бога;
  10. і пазналі яго, што гэта быў той самы, які сядзеў каля Прыгожых дзьвярэй храма дзеля міласьціны, і напоўніліся жахам і зьдзіўленьнем з таго, што сталася зь ім.
  11. І як што аздароўлены кульгач не адступаўся ад Пятра і Яна, дык увесь люд у зьдзіўленьні зьбегся да іх у прытвор, называны Саламонавым.
  12. Убачыўшы гэта, Пётр сказаў люду: мужы Ізраільскія! што дзівуецеся з гэтага, або чаго глядзіце на нас, быццам мы сваёй сілаю і пабожнасьцю зрабілі так, што ён ходзіць.
  13. А Бог Абрагамаў і Ісаакаў і Якаваў, Бог бацькоў нашых праславіў Сына Свайго Ісуса, Якога вы прадалі і Якога зракліся перад абліччам Пілата, калі ён судзіў адпусьціць Яго.
  14. Але Сьвятога і Праведнага вы адцураліся, і прасілі памілаваць чалавека-душагуба,
  15. а Пачынальніка Жыцьця забілі; Гэтага Бог уваскрэсіў зь мёртвых, і мы сьведкі таго.
  16. І празь веру ў імя Ягонае, імя Ягонае ўмацавала гэтага, якога вы бачыце і ведаеце, і вера, якая ад Яго, дала яму ацаленьне гэтае перад ўсімі вамі.
  17. А цяпер, я ведаю, браты, што вы як і начальнікі вашыя, зрабілі гэта празь несьвядомасьць;
  18. А Бог так учыніў, як прадвяшчаў вуснамі ўсіх Сваіх прарокаў — пацярпець Хрысту, так і выканаў.
  19. Дык пакайцеся і навярнецеся, каб загладзіліся грахі вашыя,
  20. хай прыйдуць часіны лагоды ад аблічча Гасподняга, і хай пашле Ён наканаванага вам Ісуса Хрыста,
  21. Якога неба павінна было прыняць да часу зьдзяйсьненьня ўсяго, што казаў Бог вуснамі ўсіх сьвятых Сваіх прарокаў ад веку.
  22. Майсей сказаў бацькам: «Гасподзь Бог ваш паставіць вам з братоў вашых Прарока, як мяне; слухайцеся Яго ва ўсім, што Ён ні будзе казаць вам;
  23. і будзе, што кожная душа, якая не паслухаецца Прарока Таго, зьнішчыцца з народу».
  24. І ўсе прарокі ад Самуіла і пасьля яго, колькі іх ні вяшчалі, таксама абвясьцілі наперад дні гэтыя.
  25. Вы сыны прарокаў і запавету, які запавядаў Бог бацькам вашым, кажучы Абрагаму: «і ў семені тваім дабраславяцца ўсе плямёны зямныя».
  26. Бог, уваскрэсіўшы Сына Свайго Ісуса, да вас першых паслаў Яго дабраславіць вас, адхіляючы кожнага з вас ад ліхіх дзеяў вашых.

Постоянная ссылка на эту страницу old.bibleonline.ru/bible/bel/44/03/.

Выбор перевода и языка



© Библия Онлайн, 2003-2024
Перейти на новую версию сайта.