Дзеі, разьдзел 4
- Калі яны прамаўлялі да людзей, да іх падступіліся сьвятары і начальнікі варты пры храме і садукеі,
- угневаныя, што яны вучаць людзей і прапаведуюць у Ісусе ўваскрэсеньне зь мёртвых.
- і наклалі на іх рукі і аддалі іх пад варту да раніцы; бо ўжо зьвечарэла.
- Многія з тых, што слухалі слова, уверавалі; і было такіх людзей лікам каля пяці тысяч.
- На другі дзень сабраліся ў Ерусаліме начальнікі іхнія і старэйшыны і кніжнікі,
- і Анна першасьвятар і Каяфа і Ян і Аляксандр і іншыя з роду першасьвятарскага,
- і, паставіўшы іх пасярэдзіне, пыталіся: якою сілаю альбо якім імем вы зрабілі гэта?
- Тады Пётр, прасякнуты Духам Сьвятым, сказаў ім: начальнікі людзкія і старэйшыны Ізраільскія!
- калі ў нас пытаюцца сёньня адказу за дабрачынства чалавеку нядужаму, як ён здаровы стаўся,
- дык хай будзе вядома ўсім вам і ўсяму народу Ізраільскаму, што імем Ісуса Хрыста Назарэя, Якога вы ўкрыжавалі, Якога Бог уваскрэсіў зь мёртвых, Ім пастаўлены ён перад вамі здаровы:
- Ён — камень, пагарджаны вамі будаўнікамі, але ён зрабіўся галавою вугла, і няма ні ў кім іншым ратунку;
- бо няма другога імя пад небам, дадзенага людзям, якім належала б нам уратавацца.
- Убачыўшы адвагу Пятра і Яна і зьмеціўшы, што яны людзі някніжныя і простыя, яны зьдзіўляліся; тым часам пазнавалі іх, што былі яны зь Ісусам;
- але бачачы ацаленага чалавека, які стаяў зь імі, нічога сказаць не маглі насуперак.
- І, загадаўшы ім выйсьці з сынедрыёна, раіліся паміж сабою,
- кажучы: што нам зрабіць з гэтымі людзьмі? бо ўсім, хто жыве ў Ерусаліме, вядома, што яны ўчынілі на яве цуд, і мы ня можам аспрэчыць гэтага;
- але, каб больш не раскрылася гэта ў народзе, з пагрозай забаронім ім, каб не казалі пра імя гэтае нікому зь людзей.
- І, паклікаўшы іх, загадалі ім зусім не прапаведаваць і ня вучыць у імя Ісуса.
- Але Пётр і Ян сказалі ім у адказ: памяркуйце, ці справядліва перад Богам — слухацца вас болей, чым Бога?
- Мы ня можам не гаварыць пра тое, што бачылі і чулі.
- А тыя, прыстрашыўшы, адпусьцілі іх, не знайшоўшы магчымасьці пакараць іх, з прычыны людзей, бо ўсе славілі Бога за тое, што адбылося;
- бо больш за сорак гадоў было таму чалавеку, зь якім сталася гэтае дзіва выздараўленьня.
- Адпушчаныя, яны прыйшлі да сваіх і пераказалі, што казалі ім першасьвятары і старэйшыны.
- А яны, выслухаўшы, аднадушна ўзвысілі голас да Бога і сказалі: Валадару Божа, Які стварыў неба і зямлю і мора і ўсё, што ў іх!
- Ты вуснамі бацькі нашага Давіда, раба Твайго, сказаў праз Духа Сьвятога: «чаго бунтуюць язычнікі, і народы намышляюць марнасьць?
- Паўсталі цары зямныя, і князі сабраліся разам супраць Госпада і супраць Хрыста Яго,
- бо сапраўды сабраліся ў горадзе гэтым супраць Сьвятога Сына Твайго Ісуса, памазанца Твайго, Ірад і Понцій Пілат зь язычнікамі і народам Ізраільскім,
- каб зрабіць тое, чаму быць наканавала рука Твая і рада Твая.
- І сёньня, Госпадзе, глянь на пагрозы іхнія і дай рабам Тваім з усёй сьмеласьцю гаварыць слова Тваё,
- тады як Ты прасьціраеш руку Тваю на гаеньне і на тварэньне азнакаў і цудаў імем Сьвятога Сына Твайго Ісуса.
- І, як памаліліся, здрыганулася месца, дзе яны былі сабраліся, і ўсе прасякнуліся Духам Сьвятым і абвяшчалі слова Божае сьмела.
- А ў мноства людзей, што ўверавалі, было адно сэрца і адна душа; і ніхто нічога з дастаткаў сваіх не называў сваім, а ўсё ў іх было супольнае.
- Апосталы зь вялікаю сілай сьведчылі пра ўваскрэсеньне Госпада Ісуса Хрыста; вялікая мілата была на ўсіх іх.
- Ня было сярод іх анікога ў нястачы; бо ўсе, хто валодаў землямі альбо дамамі, прадаючы іх, прыносілі грошы ад продажу
- і клалі да ног апосталаў; і кожнаму давалася, у чым хто меў патрэбу.
- Так Ёсія, празваны апосталамі Варнавам, — што азначае »сын суцяшэньня", лявіт, родам Кіпрэец,
- у якога была свая зямля, прадаўшы яе, прынёс грошы і паклаў да ног апосталаў.
|
Выбор перевода и языка
|