1. Мужы браты і бацькі! выслухайце цяпер маё апраўданьне перад вамі.
  2. Пачуўшы, што ён загаварыў зь імі па-Габрэйску, яны яшчэ больш аціхлі. Ён сказаў:
  3. я Юдэй, нарадзіўся ў Тарсе Кілікійскім, выгадаваны ў гэтым горадзе ў нагах у Гамалііла, рупліва настаўлены ў бацькоўскім законе, шчыры слуга Божы, як і ўсе вы сёньня.
  4. Я нават да сьмерці гнаў пасьлядоўнікаў гэтага вучэньня, вяжучы і аддаючы ў цямніцу і мужчын і жанчын,
  5. як засьведчаць пра мяне першасьвятар і ўсе старэйшыны, ад якіх і пісьмы ўзяў да братоў у Дамаску, я ішоў, каб тамтэйшых прывесьці ў аковах у Ерусалім на катаваньне.
  6. І калі я быў у дарозе і падыходзіў да Дамаска, пад полудзень раптам азарыла мяне вялікае сьвятло зь неба.
  7. Я ўпаў на зямлю і пачуў голас, які казаў мне: Саўле! Саўле! чаго ты гоніш Мяне?
  8. Я адказваў: хто Ты, Госпадзе? Ён сказаў мне: Я Ісус Назарэй, Якога ты гоніш.
  9. Тыя, што былі са мною, бачылі сьвятло і перапалохаліся, але голасу Таго, Хто гаварыў да мяне, ня чулі.
  10. Тады я сказаў: Госпадзе! што мне рабіць? А Гасподзь сказаў мне: устань і ідзі ў Дамаск, і там табе сказана будзе ўсё, што назначана табе рабіць.
  11. А як што я ад славы сьвятла таго асьлеп, дык тыя, хто быў са мною, за руку прывялі мяне ў Дамаск.
  12. Нехта Ананія, муж пабожны паводле закона, пахвалёны ўсімі Юдэямі, што жывуць у Дамаску,
  13. прыйшоў да мяне і, падышоўшы, сказаў мне: браце Саўле! будзь зноў відушчы! І я адразу ўбачыў яго.
  14. А ён сказаў мне: Бог бацькоў нашых наперад выбраў цябе, каб ты ўведаў волю Ягоную, убачыў Праведніка і пачуў голас з вуснаў Ягоных,
  15. бо ты будзеш Яму за сьведку перад усімі людзьмі ў тым, што ты бачыў і чуў;
  16. дык вось, чаго ж ты марудзіш? устань, ахрысьціся і змый грахі твае, заклікаўшы імя Госпада Ісуса.
  17. Калі ж я вярнуўся ў Ерусалім і маліўся ў храме, упаў я ў жарсьць,
  18. і ўгледзеў Яго, і Ён сказаў мне: пасьпяшайся і выйдзі хутчэй зь Ерусаліма, бо ня прымуць тут твайго сьведчаньня пра Мяне.
  19. Я сказаў: Госпадзе! ім вядома, што я веруючых у Цябе кідаў у цямніцы і пабіваў у сынагогах,
  20. і, калі пралівалася кроў Сьцяпана, сьведкі Твайго, я там стаяў, ухваляў забойства яго і вартаваў адзеньне забойцаў ягоных.
  21. І Ён сказаў мне: ідзі; Я пашлю цябе далёка да язычнікаў.
  22. Да гэтага слова слухалі яго; а пасьля гэтага паднялі крык, кажучы: зьнішчы зь зямлі такога! бо ня варта яму жыць.
  23. Тым часам як яны крычалі, шпурлялі вопратку і кідалі пясок у паветра,
  24. тысячнік загадаў увесьці яго ў крэпасьць, загадаўшы бічаваць яго, каб выведаць, зь якое прычыны так крычалі супроць яго.
  25. Але калі расьцягнулі яго рэмнямі, Павал сказаў сотніку: хіба вам дазволена бічаваць рымскага грамадзяніна, ды і бяз суду?
  26. Пачуўшы гэта, сотнік падышоў і данёс тысячніку, кажучы: глядзі, што ты хочаш рабіць? гэты чалавек — рымскі грамадзянін.
  27. Тады тысячнік, падышоўшы да яго, сказаў: скажы мне, ты рымскі грамадзянін? Ён сказаў: так.
  28. Тысячнік адказваў: я за вялікія грошы набыў гэта грамадзянства, А Павал сказаў: а я і нарадзіўся ў ім.
  29. Тады адразу адступіліся ад яго тыя, што хацелі яго катаваць; а тысячнік, даведаўшыся, што ён рымскі грамадзянін, перапалохаўся, што зьвязаў яго.
  30. На другі дзень, хочучы ўпэўніцца ў праўдзе, за што вінавацяць яго Юдэі, вызваліў яго з ланцугоў і загадаў сабрацца першасьвятарам і ўсяму сынедрыёну і, вывеўшы Паўла, паставіў яго перад імі.

Постоянная ссылка на эту страницу old.bibleonline.ru/bible/bel/44/22/.

Выбор перевода и языка



© Библия Онлайн, 2003-2024
Перейти на новую версию сайта.