1. Калі Апалос быў у Карынфе, Павал, абышоўшы горныя землі, прыйшоў у Эфэс і знайшоў там некаторых вучняў
  2. і сказаў ім: ці прынялі вы Сьвятога Духа, увераваўшы? А яны сказалі яму: мы нават і ня чулі, ці ёсьць Дух Сьвяты.
  3. Ён сказаў ім: у што ж вы хрысьціліся? Яны адказвалі: у Янава хрышчэньне.
  4. Павал сказаў: Ян хрысьціў хрышчэньнем пакаяньня, кажучы людзям, каб веравалі ў Таго, Хто ідзе пасьля яго, гэта значыцца, у Хрыста Ісуса.
  5. Пачуўшы гэта, яны хрысьціліся ў імя Госпада Ісуса,
  6. і, калі Павал усклаў на іх рукі, зышоў на іх Дух Сьвяты, і яны пачалі гаварыць іншымі мовамі і прарочылі.
  7. Усіх іх было чалавек з дванаццаць.
  8. Прыйшоўшы ў сынагогу, ён не бяз страху прапаведаваў тры месяцы, гутарыў і сьведчыў пра Царства Божае.
  9. А калі некаторыя ўгневаліся і ня верылі, ліхасловячы шлях Гасподні перад людзьмі, дык ён, пакінуўшы іх, вылучыў вучняў і кожны дзень прапаведаваў у школе нейкага Тырана.
  10. Гэта доўжылася да двух гадоў, так што ўсе жыхары Асіі чулі казань пра Госпада Ісуса, як Юдэі, так і Эліны.
  11. А Бог тварыў шмат цудаў Паўлавымі рукамі,
  12. так што на хворых ускладвалі хусткі і паясы зь цела ягонага, і іх пакідалі хваробы, і злыя духі выходзілі зь іх.
  13. Нават некаторыя вандроўныя заклінальнікі Юдэйскія пачалі заклікаць імя Госпада Ісуса над тымі, што былі апанаваныя злымі духамі, кажучы: заклінаем вас Ісусам, Якога Павал прапаведуе.
  14. Гэта рабілі нейкія сем сыноў Юдэйскага першасьвятара Скевы.
  15. Але злы дух сказаў у адказ: Ісуса ведаю, і Павал мне вядомы, а вы хто?
  16. І кінуўся на іх чалавек, у якім быў злы дух, і, адолеўшы іх, узяў над імі такую сілу, што яны, голыя і пабітыя, выбеглі з таго дома.
  17. Гэта стала вядома ўсім Юдэям і Элінам, што жылі ў Эфэсе, і напаў страх на ўсіх іх, і слаўлена было імя Госпада Ісуса;
  18. А многія з тых, што ўверавалі, прыходзілі, спавядаючыся і адкрываючы ўчынкі свае.
  19. А з тых, што займаліся чарадзействам, даволі многія, пазьбіраўшы кнігі свае, спалілі іх перад усімі; і палічылі цэны іх, і выйшла іх на пяцьдзясят тысяч драхмаў.
  20. З такою сілаю ўзрастала і перамагала слова Гасподняе.
  21. Калі ж гэта зьдзейсьнілася, Павал пастанавіў у духу, прайшоўшы Македонію і Ахаю, ісьці ў Ерусалім, сказаўшы: пабыўшы там, я павінен пабачыць і Рым.
  22. І паслаўшы ў Македонію двух, што служылі яму, Цімафея і Эраста, сам на нейкі час застаўся ў Асіі.
  23. У той час падняўся немалы бунт супроць шляху Гасподняга;
  24. бо нейкі срэбранік, якога звалі Дзімітрый, які ўзводзіў срэбныя храмы Артэміды і даваў рамесьнікам немалы прыбытак,
  25. склікаўшы іх і іншых такіх рамесьнікаў, сказаў: сябры! вы ведаеце, што на гэтым рамястве палягае добры дастатак наш;
  26. тым часам вы бачыце і чуеце, што ня толькі ў Эфэсе, але амаль ва ўсёй Асіі гэты Павал сваімі пераконваньнямі затлуміў нямала людзей, кажучы, што робленыя рукамі людзкімі — не багі;
  27. А гэта нам пагражае тым, што ня толькі рамяство нашае заняхаіцца, але і храм вялікай багіні Артэміды ў нішто абернецца, і зьнішчыцца веліч тае, якую шануе ўся Асія і ўвесь сьвет.
  28. Выслухаўшы гэта, яны споўніліся лютасьці і пачалі крычаць, кажучы: вялікая Артэміда Эфэская!
  29. І ўвесь горад напоўніўся смутай; схапіўшы Македонцаў Гаія і Арыстарха, спадарожнікаў Паўлавых, яны аднадушна памкнуліся на відовішча.
  30. Калі ж Павал хацеў выйсьці да людзей, вучні не дазволілі яму;
  31. таксама і некаторыя Асійскія начальнікі, якія былі сябрамі ягонымі, паслалі да яго прасіць — не паказвацца на відовішчы.
  32. Тым часам адны крычалі адно, а другія другое; бо сход быў бязладны, і большая частка людзей ня ведала, дзеля чаго сабраліся.
  33. На прапанову Юдэяў зь люду выбралі нейкага Аляксандра. Даўшы знак рукою, Аляксандр хацеў гаварыць да людзей.
  34. Калі ж даведаліся, што ён Юдэй, дык закрычалі ўсе ў адзін голас, і каля дзьвюх гадзін крычалі: вялікая Артэміда Эфэская!
  35. А захавальнік парадку, уціхамірыўшы людзей, сказаў: мужы Эфэскія! які чалавек ня ведае, што горад Эфэс ёсьць служнік вялікай багіні Артэміды і Дыяпэта?
  36. А калі супраць гэтага няма чым запярэчыць, дык трэба вам супакоіцца і не рабіць неабачліва;
  37. а вы прывялі гэтых мужоў, якія ні храма Артэмідынага не абакралі, ні багіні вашай ня бэсьцілі;
  38. Калі ж Дзімітрый і іншыя зь ім рамесьнікі маюць скаргу на каго-небудзь, дык ёсьць судовыя сходы, і ёсьць праконсулы: няхай скардзяцца адзін на аднаго;
  39. а калі вы дамагаецеся чагосьці іншага, дык гэта вырашыцца ў законным сходзе;
  40. бо нам ёсьць небясьпека, — за тое, што сталася сёньня, нам паставяць у віну смуту, бо няма аніякае прычыны, якою мы маглі б апраўдаць такую зборню. Сказаўшы гэта, ён распусьціў сход.

Постоянная ссылка на эту страницу old.bibleonline.ru/bible/bel/44/19/.

Выбор перевода и языка



© Библия Онлайн, 2003-2024
Перейти на новую версию сайта.