Псалтыр, псальма 135
- Алілуя. Хвалеце імя Гасподняе, хвалеце, рабы Гасподнія,
- усе, хто стаіць у доме Гасподнім, у дварах Бога нашага.
- Хвалеце Госпада, бо Гасподзь добры; сьпявайце імю Ягонаму, бо гэта соладка,
- бо Гасподзь абраў сабе Якава, Ізраіля ўласнасьцю Сваёю.
- Я ўведаў, што Гасподзь вялікі, і Гасподзь наш вышэйшы за ўсіх багоў.
- Гасподзь творыць усё, што хоча, на нябёсах і на зямлі, на морах і ва ўсіх прадоньнях;
- узводзіць хмары ад краю зямлі, творыць маланкі пры дажджы, выводзіць вецер са сховішчаў Сваіх.
- Ён пабіў першынцаў Егіпта, ад чалавека да быдла,
- паслаў азнакі і цуды сярод цябе, Егіпце, на фараона і на ўсіх рабоў ягоных,
- пабіў народы многія, і вынішчыў цароў моцных:
- Сігона, цара Амарэйскага, і Ога, цара Васанскага, і ўсе царствы Ханаанскія;
- і аддаў зямлю іхнюю ў спадчыну, у спадчыну Ізраілю, народу Свайму.
- Госпадзе! імя Тваё навечна; Госпадзе! памяць пра Цябе з роду ў род.
- Бо Гасподзь судзіцьме народ Свой, і з рабоў Сваіх умілажаліцца.
- Ідалы язычнікаў — срэбра і золата, утворы рук чалавечых.
- Ёсьць у іх вусны, але не маўляюць, ёсьць у іх вочы, але ня бачаць;
- ёсьць у іх вушы, але ня чуюць, і няма дыханьня ў вуснах у іх.
- Спадобняцца ім тыя, што робяць іх, і кожны, хто спадзяецца на іх.
- Доме Ізраілеў! дабраславеце Госпада. Доме Ааронаў! дабраславеце Госпада.
- Доме Лявія! дабраславеце Госпада. Хто баіцца Госпада, дабраславеце Госпада.
- Дабраславёны Гасподзь ад Сіёна, Які жыве ў Ерусаліме! Алілуя!
|
Выбор перевода и языка
|