1. На Цябе, Госпадзе, спадзяюся; хай ня буду вавек пасаромлены.
  2. Праўдай Тваёй мяне вызвалі і выбаві; прыхілі вуха Тваё да мяне, і ўратуй мяне.
  3. Будзь мне трывалым прыстанішчам, куды я заўсёды мог бы схавацца; Ты наказаў уратаваць мяне, бо цьвярдыня мая і моцнасьць мая — Ты.
  4. Божа мой! вызвалі мяне з рук бязбожніка, з рук бязбожніка і прыгнятальніка.
  5. Бо Ты — надзея мая, Госпадзе Божа, спадзяваньне маё зь юнацтва майго.
  6. На Цябе апіраўся я быў ад улоньня; Ты вывеў мяне з чэрава маці маёй; Табе хвала мая ня спыніцца.
  7. Многім я стаўся нібыта дзівам; але Ты — цьвёрдая надзея мая.
  8. Няхай вусны мае хвалою напоўняцца, каб я Табе славу сьпяваў, кожны дзень апяваў Тваю веліч.
  9. Не адкідай мяне на час старасьці; як пачне мая сіла слабнуць, не пакінь мяне,
  10. бо ворагі мае супраць мяне змаўляюцца, і тыя, што цікуюць душу маю, — ладзяць нарады,
  11. кажучы: «Бог яго кінуў; даганеце і схапеце яго; бо няма таго, хто б яго ўратаваў».
  12. Божа! не аддаляйся ад мяне; Божа мой! пасьпяшайся мне на дапамогу.
  13. Хай пасаромяцца і зьнікнуць супастаты душы маёй; хай сорам і ганьба пакрые тых, што зычаць мне ліха!
  14. А я заўсёды буду на Цябе спадзявацца і памнажаць Тваю славу.
  15. Вусны мае абвяшчацьмуць праўду Тваю, кожны дзень Твае добрыя дзеі; бо я ня ведаю ліку ім.
  16. Буду славіць усемагутнасьць Госпада Бога; згадаю праўду Тваю — адзіна Тваю.
  17. Божа! Ты навучаў мяне зь дзён маёй маладосьці, і да сёньня дзівосы Твае я абвяшчаю.
  18. І да старасьці, і да сівізны не пакінь мяне, Божа, пакуль не абвяшчу Тваю сілу гэтаму роду і ўсім будучым магутнасьць Тваю.
  19. Праўда Твая, Божа, да найвышэйшых; вялікія дзеі ўчыніў Ты; Божа, хто падобны да Цябе?
  20. Ты пасылаў на мяне многія і лютыя беды, але і зноў ажыўляў мяне і зь бездані зямлі зноў выводзіў мяне.
  21. Ты ўзвышаў мяне і суцяшаў мяне, і зь бездані зямлі выводзіў мяне.
  22. І я буду славіць Цябе на псалтыры, Тваю праўду, Божа мой; буду Цябе апяваць на арфе, Сьвяты Ізраілеў!
  23. Радуюцца вусны мае, калі я сьпяваю Табе, і душа мая, якую Ты вызваліў;
  24. і язык мой кожны дзень будзе абвяшчаць праўду Тваю, бо пасаромленыя, бо паганьбёныя тыя, што ліха шукаюць мне.

Постоянная ссылка на эту страницу old.bibleonline.ru/bible/bel/19/71/.

Выбор перевода и языка



© Библия Онлайн, 2003-2024
Перейти на новую версию сайта.