Другі закон, разьдзел 11
- Дык вось, любі Госпада, Бога твайго, і шануй, што загадана Ім шанаваць, і пастановы Ягоныя і законы Ягоныя і запаведзі Ягоныя ва ўсе дні.
- І ведайце сёньня, — бо я гутару ня з сынамі вашымі, якія ня ведаюць і ня бачылі кары Госпада, Бога вашага, — Ягоную велічнасьць, Ягоную моцную руку і высокую мышцу Ягоную,
- азнакі Ягоныя і дзеі Ягоныя, якія Ён зрабіў сярод Егіпта з фараонам, царом Егіпецкім, і з усёю зямлёю ягонай,
- і што Ён зрабіў з войскам Егіпецкім, з конямі ягонымі і калясьніцамі ягонымі, якія Ён утапіў у водах Чэрмнага мора, калі яны гналіся за вамі, — і пагубіў іх Гасподзь, і так трывае аж да сёньня;
- і што Ён рабіў дзеля вас у пустыні, пакуль вы не дайшлі да месца гэтага,
- і што Ён зрабіў з Датанам і Авіронам, сынамі Эліява, сына Рувімавага, калі зямля разьзявіла вусны свае і сярод усяго Ізраіля праглынула іх і сямействы іхнія, і намёты іхнія і ўсю маёмасьць іхнюю, якая была ў іх;
- бо вочы вашыя бачылі ўсе вялікія дзеі Госпада, якія Ён учыніў.
- Дык вось, захоўвайце ўсе запаведзі, якія я пераказваю вам сёньня, каб вы ўмацаваліся і пайшлі і авалодалі зямлёю, у якую вы пераходзіце, каб авалодаць ёю;
- і каб жылі вы доўга на той зямлі, даць якую запрысягнуўся Гасподзь бацькам вашым і насеньню іхняму, на зямлі, у якой цячэ малако і мёд.
- Бо зямля, у якую ты ідзеш, каб авалодаць ёю, не такая, як зямля Егіпецкая, зь якой выйшлі вы, дзе ты, пасеяўшы семя тваё, паліваў з дапамогаю ног тваіх, як аліўны сад;
- а зямля, у якую вы пераходзіце, каб авалодаць ёю, ёсьць зямля з гарамі і далінамі, і ад дажджу нябеснага напойваецца вадою, —
- зямля, пра якую Гасподзь, Бог ваш, рупіцца: вочы Госпада, Бога твайго, няспынна на ёй, ад пачатку года да канца года.
- калі вы будзеце слухаць наказы мае, якія пераказваю вам сёньня, любіць Госпада, Бога вашага, і служыць Яму ад усяго сэрца вашага і ад усёй душы вашай,
- дык дам зямлі вашай дажджу ў свой час, раньняга і позьняга, і ты зьбярэш хлеб твой і віно тваё і алей твой;
- і дам траву на полі тваім быдлу твайму, і будзеш есьці і наядацца.
- Пільнуйцеся, каб не засмуцілася сэрца вашае і ня ўхіліліся вы і не пачалі служыць іншым багам і не пакланяліся ім;
- і тады запаліцца гнеў Госпада на вас, і замкне Ён неба, і ня будзе дажджу, і зямля ня ўродзіць твораў сваіх, і вы неўзабаве зьнікнеце з добрай зямлі, якую Гасподзь вам дае.
- Дык вось, пакладзеце гэтыя словы Мае ў сэрца вашае і ў душу вашую і навяжэце іх як знак на руку сваю, і хай будуць яны павязкаю над вачыма вашымі;
- вучэце сыноў сваіх, кажучы пра іх, калі ты сядзіш у доме тваім і калі ідзеш дарогаю, і калі кладзешся і калі ўстаеш;
- і напішы іх на вушаках дома твайго і на варотах тваіх,
- каб гэтулькі ж многа было дзён вашых і дзён дзяцей вашых на той зямлі, даць якую Гасподзь запрысягнуўся бацькам вашым, колькі дзён неба будзе над зямлёю.
- Бо калі вы будзеце шанаваць усе запаведзі гэтыя, якія наказваю вам выконваць, будзеце любіць Госпада, Бога вашага, хадзіць усімі шляхамі Ягонымі і гарнуцца да Яго,
- дык прагоніць Гасподзь усе народы гэтыя ад аблічча вашага, і вы авалодаеце народамі, якія большыя і мацнейшыя за вас;
- усякае месца, на якое ступіць нага ваша, будзе ваша: ад пустыні і Лівана, ад ракі, ракі Еўфрата, аж да мора заходняга будуць межы вашыя;
- ніхто ня ўстоіць супроць вас: Гасподзь, Бог ваш, навядзе страх і трымценьне перад вамі на ўсякую зямлю, на якую вы ступіце, як Ён казаў вам.
- Вось, я прапаную вам сёньня дабраславеньне і праклён:
- дабраславеньне, калі паслухаецеся наказаў Госпада, Бога вашага, якія я пераказваю вам сёньня,
- а праклён, калі не паслухаецеся запаведзяў Госпада, Бога вашага, і ўхіліцеся ад шляху, які наказваю вам сёньня, і пойдзеце за багамі іншымі, якіх вы ня ведаеце.
- Калі ўвядзе цябе Гасподзь, Бог ваш, у тую зямлю, у якую ты ідзеш, каб авалодаць ёю, тады вымаві дабраславеньне на гары Гарызім, а праклён на гары Гевал:
- вось ён за Ярданам, па дарозе да захаду сонца, у зямлі Хананэяў, якія жывуць на раўніне, насупраць Галгала, паблізу дубровы Марэ.
- Бо вы пераходзіце Ярдан, каб пайсьці авалодаць зямлёю, якую Гасподзь, Бог ваш, дае вам, і авалодаеце ёю і будзеце жыць на ёй.
- Дык вось, старайцеся выконваць усе пастановы і законы, якія прапаную вам я сёньня.
|
Выбор перевода и языка
|