1. Слухай, Ізраіле: ты цяпер ідзеш за Ярдан, каб пайсьці авалодаць народамі, якія большыя і мацнейшыя за цябе, з гарадамі вялікімі, з умацаваньнямі да нябёсаў,
  2. народам, вялікім у ліку і вялікарослым, сынамі Энакавымі, пра якіх ты ведаеш і чуеш: «хто ўстоіць супроць сыноў Энакавых?»
  3. Дык ведай сёньня, што Гасподзь, Бог твой, ідзе перад табою, як агонь пажыральны: Ён будзе зьнішчаць іх і класьці іх перад табою, і ты прагоніш і вынішчыш іх неўзабаве, як казаў табе Гасподзь.
  4. Калі будзе праганяць іх Гасподзь, Бог твой, ад аблічча твайго, не кажы ў сэрцы тваім, што за справядлівасьць маю прывёў мяне Гасподзь авалодаць гэтай зямлёю, і што за грэх народаў гэтых Гасподзь праганяе іх ад аблічча твайго;
  5. не за справядлівасьць тваю і не за праўду сэрца твайго ідзеш ты спадкаваць зямлю іхнюю, а за грэх народаў гэтых Гасподзь, Бог твой, праганяе іх ад аблічча твайго, і каб выканаць слова, якім прысягаўся Гасподзь бацькам тваім Абрагаму, Ісааку і Якаву;
  6. таму ведай, што не за праведнасьць тваю Гасподзь, Бог твой, дае табе авалодаць гэтаю добраю зямлёю, — бо ты народ цьвёрдахрыбетны.
  7. Памятай, не забудзь, колькі ты дражніў Госпада, Бога твайго, у пустыні: з самага таго дня, як выйшаў ты зь зямлі Егіпецкай, і да самага прыходу вашага на месца гэта вы супрацівіліся Госпаду.
  8. І каля Харыва, вы раздражнілі Госпада, і ўгневаўся на вас Гасподзь, аж хацеў быў зьнішчыць вас,
  9. калі я ўзышоў на гару, каб узяць скрыжалі каменныя, скрыжалі запавета, які пастанавіў Гасподзь з вамі, і прабыў на гары сорак дзён і сорак ночаў, хлеба ня еў і вады ня піў,
  10. і даў мне Гасподзь дзьве скрыжалі каменныя, напісаныя пальцам Божым, а на іх усе словы, якія сказаў вам Гасподзь на гары зь сярэдзіны агню ў дзень сходу.
  11. Як мінуліся сорак дзён і сорак ночаў, даў мне Гасподзь дзьве скрыжалі каменныя, скрыжалі запавета,
  12. і сказаў мне Гасподзь: устань, ідзі хутчэй адгэтуль, бо разбэсьціўся народ твой, які ты вывеў зь Егіпта; хутка ўхіліліся яны з дарогі, якую Я наказаў ім; яны зрабілі сабе літага ідала.
  13. І сказаў мне Гасподзь: бачу Я народ гэты, вось, ён народ цьвёрдахрыбетны;
  14. ня стрымлівай Мяне, і Я зьнішчу іх і згладжу імя іхняе з-пад нябёсаў, а ад цябе выведу народ, які будзе мацнейшы і большы ў ліку за іх.
  15. Я павярнуўся і пайшоў з гары, а гара гарэла агнём; дзьве скрыжалі запавета былі ў абедзьвюх руках у мяне;
  16. і бачыў я, што вы зграшылі супроць Госпада, Бога вашага, зрабілі сабе літае цяля, хутка ўхіліліся з дарогі, наказанае вам Госпадам;
  17. і ўзяў я абедзьве скрыжалі, і кінуў іх з абедзьвюх рук сваіх, і разьбіў іх перад вачыма вашымі.
  18. І ўпаўшы прад Госпадам, маліўся я, як раней, сорак дзён і сорак ночаў, хлеба ня еў і вады ня піў, за ўсе грахі вашыя, якімі вы зграшылі, зрабіўшы ліхое ў вачах Госпада і раздражніўшы Яго;
  19. бо я баяўся гневу і лютасьці, якімі Гасподзь прагневаўся на вас і хацеў пагубіць вас. І паслухаў мяне Гасподзь і гэтым разам.
  20. І на Аарона вельмі прагневаўся Гасподзь і хацеў пагубіць яго; але я маліўся і за Аарона ў той час.
  21. А грэх ваш, у які вы дапусьціліся, — цяля я ўзяў, спаліў яго ў агні, разьбіў яго і ўсяго сьцёр да таго, што ён стаў дробны, як пыл, і я кінуў пыл гэты ў паток, які цячэ з гары.
  22. І ў Тавэры, у Масе і ў Кіброт-Гатааве вы дражнілі Госпада.
  23. І калі пасылаў вас Гасподзь з Кадэс-Варні, кажучы: ідзеце, авалодайце зямлёю, якую Я даю вам, — дык вы ўсупрацівіліся загаду Госпада, Бога вашага, і не паверылі яму і не паслухаліся голасу Ягонага.
  24. Вы былі непакорныя Госпаду з таго самага дня, як я ўведаў вас.
  25. І ўпаўшы прад Госпадам, маліў я сорак дзён і сорак ночаў, у якія я маліўся, бо Гасподзь хацеў пагубіць вас;
  26. І маліўся я Госпаду і казаў: Валадару Госпадзе, не загубі народу Твайго і долі Тваёй, якую ты выкупіў велічнасьцю Тваёю, якую Ты вывеў зь Егіпта рукою моцнаю;
  27. успомні рабоў Тваіх Абрагама, Ісаака і Якава; не зважай на жорсткасьць народу гэтага і на нявернасьць ягоную і на грахі ягоныя,
  28. каб у той зямлі, адкуль Ты вывеў нас, не сказалі: «Гасподзь ня мог увесьці іх у зямлю, якую абяцаў ім, і, зьненавідзеўшы іх, вывеў Ён іх, каб усьмерціць іх у пустыні».
  29. А яны Твой народ і Твая доля, іх Ты вывеў сілаю Тваёю вялікаю і мышцаю высокаю.

Постоянная ссылка на эту страницу old.bibleonline.ru/bible/bel/05/09/.

Выбор перевода и языка



© Библия Онлайн, 2003-2024
Перейти на новую версию сайта.