1. І ты, сыне чалавечы, вымаві прароцтва на горы Ізраілевыя і скажы: горы Ізраілевыя! слухайце слова Гасподняе.
  2. Так кажа Гасподзь Бог: як што вораг гаворыць пра вас: «ага! ага! і вечныя вышыні дасталіся нам на долю»,
  3. дык вымаві прароцтва і скажы, так кажа Гасподзь Бог: за тое, менавіта за тое, што спусташаюць вас і паглынаюць вас з усіх бакоў, каб вы зрабіліся здабыткам іншых народаў і былі зьліхаслоўлены і перасуджаны людзьмі,
  4. за гэта, горы Ізраілевыя, выслухайце слова Госпада Бога: так кажа Гасподзь Бог горам і пагоркам, лагчынам і далінам, і апусьцелым развалінам і пакінутым гарадам, якія зрабіліся здабычаю і паглумішчам іншым навакольным народам;
  5. за гэта так кажа Гасподзь Бог: у агні клопату Майго Я вымавіў слова на іншыя народы і на ўсю Ідумэю, якія назначылі зямлю Маю на валоданьне сабе, з сардэчнай радасьцю і з пагардай у душы асуджаючы яе на здабычу сабе.
  6. Таму вымаві прароцтва пра зямлю Ізраілевую і скажы горам і пагоркам, лагчынам і далінам: так кажа Гасподзь Бог: вось, Я вымавіў гэта ў клопаце Маім, бо вы несяце на сабе паглум ад народаў.
  7. Таму так кажа Гасподзь Бог: Я падняў руку Маю з прысягаю, што народы, якія вакол вас, самі панясуць сорам свой.
  8. А вы, горы Ізраілевыя, распусьцеце гольле ваша і будзеце радзіць плады вашыя народу Майму Ізраілю; бо яны скора прыйдуць.
  9. Бо вось, Я да вас зьвярнуся, і вас будуць урабляць і засяваць.
  10. І пасялю на вас мноства людзей, і ўвесь дом Ізраілеў, увесь, і заселеныя будуць гарады і забудаваныя разваліны.
  11. І памножу на вас людзей і яны будуць пладзіцца і множыцца, і засялю вас, як было ў ранейшыя часы вашыя, і буду чыніць вам дабра болей, чым у ранейшыя часы вашыя, — і ўведаеце, што Я — Гасподзь.
  12. І прывяду на вас людзей, народ Мой, Ізраіля, і яны будуць валодаць табою, зямля! і ты будзеш спадчынай іхняй і ня будзеш болей рабіць іх бязьдзетнымі.
  13. Так кажа Гасподзь Бог: за тое, што кажуць пра вас: «ты — зямля, якая есьць людзей і робіць народ твой бязьдзетным,»
  14. затое ўжо ня будзеш больш есьці людзей і народу твайго ня будзеш наперад рабіць бязьдзетным, кажа Гасподзь Бог.
  15. І больш ня будзеш чуць зьдзеку ад народаў, паглуму ад плямёнаў не панясеш ужо на сабе, і народу твайго больш ня будзеш рабіць бязьдзетным, кажа Гасподзь Бог.
  16. І было мне слова Гасподняе:
  17. сыне чалавечы! калі дом Ізраілеў жыў на зямлі сваёй, ён апаганьваў яе паводзінамі сваімі і ўчынкамі сваімі; шлях іх перад абліччам Маім быў як нячыстасьць жанчыны ў час ачышчэньня яе.
  18. І Я выліў на іх гнеў Мой за кроў, якую яны пралівалі на гэтай зямлі, і за тое, што яны апаганьвалі яе ідаламі сваімі.
  19. І Я расьсеяў іх па народах, і яны разьвеяны па землях; Я судзіў іх паводле шляхоў іхніх і паводле ўчынкаў іхніх.
  20. І прыйшлі яны да народаў, куды пайшлі, і зьняславілі сьвятое імя Маё, бо пра іх кажуць: «яны — народ Госпада і выйшлі зь зямлі Ягонай»;
  21. І пашкадаваў Я сьвятое імя Маё, якое зьняславіў дом Ізраілеў у народаў, куды прыйшоў.
  22. Таму скажы дому Ізраілеваму: так кажа Гасподзь Бог: ня вам Я зрабіў гэта, доме Ізраілеў, а дзеля сьвятога імя Майго, якое вы зьняславілі ў народаў, куды прыйшлі.
  23. І асьвячу вялікае імя Маё, неславёнае ў народаў, сярод якіх вы зьняславілі яго, і ўведаюць народы, што Я — Гасподзь, кажа Гасподзь Бог, калі яўлю на вас сьвятасьць Маю перад вачыма іхнімі.
  24. І вазьму вас з народаў і зьбяру вас з усіх краін і прывяду вас у зямлю вашу.
  25. І акраплю вас чыстаю вадою, — і вы ачысьціцеся ад усіх пахібаў вашых, і ад усіх ідалаў вашых ачышчу вас.
  26. І дам вам сэрца новае і дух новы дам вам; і вазьму з плоці вашай сэрца каменнае і дам вам сэрца плацяное.
  27. Укладу ўсярэдзіну вас дух Мой і зраблю так, што вы хадзіцьмеце ў запаведзях Маіх і пастановы Мае будзеце захоўваць і выконваць.
  28. І будзеце жыць на зямлі, якую Я даў бацькам вашым, і будзеце Маім народам, і Я буду вашым Богам.
  29. І вызвалю вас ад усіх нечысьцяў вашых, і наклічу хлеб і памножу яго, і ня дам вам цярпець голад.
  30. І памножу плады на дрэвах і ўтворы палёў, каб болей не цярпець вам паглуму ад народаў праз голад.
  31. Тады згадаеце пра ліхія шляхі вашыя і благія ўчынкі вашыя і адчуеце агіду да саміх сябе за пахібнасьці вашыя і гнюсоты вашыя.
  32. Ня дзеля вас Я зраблю гэта, кажа Гасподзь Бог, хай будзе вам вядома. Чырванейце і саромейцеся шляхоў вашых, доме Ізраілеў.
  33. Так кажа Гасподзь Бог: у той дзень, калі ачышчу вас ад усіх пахібнасьцяў вашых і насялю гарады, адбудаваныя будуць разваліны,
  34. і будзе ўрабляцца спустошаная зямля, якая была пустыняю ў вачах у кожнага, хто праходзіў міма,
  35. тады скажуць: «гэтая апусьцелая зямля зрабілася як сад Эдэмскі і гэтыя разваленыя і апусьцелыя і спустошаныя гарады ўмацаваны і населены».
  36. І ўведаюць народы, якія застануцца вакол вас, што Я Гасподзь зноў будую разбуранае, засаджваю апусьцелае. Я Гасподзь сказаў — і зрабіў.
  37. Так кажа Гасподзь Бог: вось, яшчэ і ў тым яўлю міласьць Маю дому Ізраілеваму, памножу іх людзьмі, як статак.
  38. Як многа бывае ахвярных авечак у Ерусаліме ў часы сьвятаў ягоных, так поўныя будуць людзьмі апусьцелыя гарады, і ўведаюць, што Я — Гасподзь.

Постоянная ссылка на эту страницу old.bibleonline.ru/bible/bel/26/36/.

Выбор перевода и языка



© Библия Онлайн, 2003-2024
Перейти на новую версию сайта.