1. І было мне слова Гасподняе:
  2. сыне чалавечы! зьвярні аблічча тваё да Ерусаліма і вымаві слова на сьвятыні і мові прароцтва на зямлю Ізраілевую
  3. і скажы зямлі Ерусалімавай: так кажа Гасподзь Бог: вось, Я на цябе, і дастану меч Мой з похваў яго і зьнішчу ў цябе праведнага і бязбожнага.
  4. А каб зьнішчыць у цябе праведнага і бязбожнага, меч мой з похваў сваіх пойдзе на ўсякую плоць ад поўдня да поўначы.
  5. І ўведае ўсякая плоць, што Я, Гасподзь, дастаў меч Мой з похваў яго, і ён ужо ня вернецца.
  6. А ты, сыне чалавечы, стагні, ламаючы сьцёгны твае, і ў гароце стагні на вачах у іх.
  7. І калі скажуць табе: «чаго ты стогнеш?», скажы: «ад чуткі, што ідзе», — і растане любое сэрца, і ўсе рукі апусьцяцца, і ўсякі дух зьняможацца, і ўсе калені задрыжаць, як вада. Вось гэта прыйдзе і збудзецца, кажа Гасподзь Бог.
  8. І было мне слова Гасподняе:
  9. сыне чалавечы! мові прароцтва і скажы: так кажа Гасподзь Бог: скажы: меч, меч навостраны і вычышчаны;
  10. навостраны, каб болей калоць; вычышчаны, каб зьзяў, як маланка. Ці радавацца нам, што жазло сына Майго пагарджае ўсякім дрэвам?
  11. Я даў яго вычысьціць, каб узяць у руку; ужо навостраны гэты меч і вычышчаны, каб аддаць яго ў рукі забойцу.
  12. Стагні і галасі, сыне чалавечы, бо ён — на народ Мой, на ўсіх князёў Ізраіля: яны аддадзены будуць пад меч з народам Маім; таму бі сябе па сьцёгнах.
  13. Бо ён ужо выпрабаваны. І што, калі ён пагарджае і жазло гэта ня выстаіць, кажа Гасподзь Бог.
  14. А ты, сыне чалавечы, прароч і пляскай у ладкі, — і падвоіцца меч і патроіцца: меч на забіваных, меч на забіваньне вялікага, які пранікае ўсярэдзіну жытла іхняга.
  15. Каб расталі сэрцы і каб забітых было болей, Я каля ўсіх варотаў іхніх пастаўлю грозны меч, ах! бліскучы, як маланка, навостраны на закол.
  16. Зьбярыся і ідзі направа альбо ідзі налева, куды б ні павярнулася аблічча тваё.
  17. І Я буду пляскаць у далоні і спатолю гнеў Мой; Я, Гасподзь, сказаў.
  18. І было мне слова Гасподняе:
  19. і ты, сыне чалавечы, уяві сабе дзьве дарогі, па якіх мае ісьці меч цара Вавілонскага, — абедзьве яны павінны выходзіць з адной зямлі, — і накрэсьлі руку, накрэсьлі на пачатку дарог у гарады.
  20. Уяві сабе дарогу, па якой меч ішоў бы ў Раву сыноў Амонавых і ў Юдэю, ва ўмацаваны Ерусалім,
  21. бо цар Вавілонскі спыніўся на ростані, на пачатку дзьвюх дарог, для варажбы: трасе стрэлы, пытаецца ў тэрафімаў, разглядвае печань.
  22. У правай руцэ ў яго варажба: «у Ерусалім», дзе трэба паставіць тараны, разамкнуць на пабоішча вусны, узьнесьці голас на ваенны крык, падвесьці тараны пад брамы, насыпаць вал, пабудаваць абложныя вежы.
  23. Гэтая варажба здалася іхнім вачам ілжывай; але як што яны прысягалі прысягаю, дык ён, згадаўшы такое іхняе вераломства, пастанавіў узяць яго.
  24. Таму так кажа Гасподзь Бог: як што вы самі ўзгадваеце беззаконьне вашае, робячы яўнымі злачынствы вашыя, выстаўляючы напаказ грахі вашыя ва ўсіх учынках вашых, і самі ўзгадваеце гэта, дык вы будзеце ўзяты рукамі.
  25. І ты, нягодны, злачынны правадыр Ізраіля, дзень якога настаў цяпер, калі грахоўнасьці ягонай будзе пакладзены канец!
  26. так кажа Гасподзь Бог: здымі зь сябе дыядэму і складзі вянок: гэтага ўжо ня будзе: прыніжанае ўзвысіцца і высокае прынізіцца.
  27. Скіну, скіну, скіну, — і яго ня будзе, пакуль ня прыйдзе Той, Каму належыць ён, і Я дам Яму.
  28. І ты, сыне чалавечы, вымаві прароцтва і скажы: так кажа Гасподзь Бог пра сыноў Амонавых і пра паглумленьне іхняе, і скажы: меч, меч аголены на закол, вычышчаны на зьнішчэньне, каб зьзяў, як маланка,
  29. каб тады, калі паказваюць табе пустыя ўявы і ілжыва варожаць табе, і цябе прыклаў да абезгалоўленых бязбожнікам, дзень якіх настаў, калі бязбожнасьці іхняй будзе пакладзены канец.
  30. Ці верне яго ў похвы ягоныя? На месцы, дзе ты створаны, на зямлі паходжаньня твайго судзіцьму цябе:
  31. і вылью на цябе абурэньне Маё, дыхну на цябе агнём лютасьці Маёй і аддам цябе ў рукі людзей разьюшаных, спрактыкаваных у забойстве.
  32. Ты будзеш ежаю агню, кроў твая застанецца на зямлі; ня будуць і згадваць пра цябе; бо Я, Гасподзь, сказаў гэта.

Постоянная ссылка на эту страницу old.bibleonline.ru/bible/bel/26/21/.

Выбор перевода и языка



© Библия Онлайн, 2003-2024
Перейти на новую версию сайта.