Ісая, разьдзел 14
- І блізкі час яго, і не запаволяцца дні ягоныя. Бо памілуе Гасподзь Якава, і зноў палюбіць Ізраіля; і паселіць іх на зямлі іхняй, і далучацца да іх іншаземцы, і прылепяцца да дома Якава.
- І возьмуць іх народы, і прывядуць на іхняе месца, і дом Ізраіля прыме іх на зямлі Гасподняй рабамі і возьме ў палон тых, што паланілі яго, і запануе над прыгнятальнікамі сваімі.
- І станецца ў той дзень: калі Гасподзь дасьць табе адпачынак ад скрухі тваёй і ад страху і ад цяжкай няволі, якой ты аддадзены быў,
- і ты запяеш пераможную песьню на цара Вавілонскага, і скажаш: як ня стала катавальніка — спынілася рабаўніцтва!
- Зламаў Гасподзь кій бязбожных, жазло ўладыкаў,
- што пабівала народы ў лютасьці ўдарамі няўхільнымі, у гневе ўладарыў над плямёнамі зь бязьлітаснымі ганеньнямі.
- Уся зямля адпачывае, пакоіцца, усклікае ад радасьці.
- І кіпарысы радуюцца за цябе, і кедры ліванскія, кажучы: з таго часу, як ты заснуў, ніхто ня прыходзіць сячы нас.
- Пекла апраметнае ўзрушылася дзеля цябе, каб цябе сустрэць, калі прыйдзеш; разбудзіў дзеля цябе Рэфаімаў, усіх правадыроў зямлі; падняў усіх цароў язычніцкіх з тронаў іхніх.
- Усе яны будуць казаць табе: і ты зьнясілеў, як мы! і ты стаў падобны да нас!
- У апраметную скінута ганарыстасьць твая з усім шумам тваім; пад табой падсьцілаецца чарвяк, і чэрві — покрыва тваё.
- Як упаў ты зь неба, дзяньніца, сыне зары! разьбіўся аб зямлю той, хто таптаў народы.
- А казаў у сэрцы сваім: узыду на неба, вышэй за зоркі Божыя, узьнясу трон мой і сяду на гары ў гурце багоў, на краі поўначы;
- узыду на вышыні хмарныя, буду падобны на Ўсявышняга.
- Але ты скінуты ў пекла, у глыбіні апраметнай.
- Тыя, хто цябе бачыць, углядаюцца ў цябе, разважаюць пра цябе: ці той гэта чалавек, які хістаў зямлю, патрасаў царствы,
- сусьвет зрабіў пустыняю і разбурыў гарады яго, палонных сваіх не адпускаў дадому?
- Усе цары народаў, усе ляжаць ганарова, кожны ў сваёй усыпальніцы;
- а ты пакінуты за магільніцай сваёй, як пагарджаная галіна, як вопратка забітых, працятых мечам, якіх апускаюць у каменны дол, ты, як здрасаваны труп,
- не зьяднаешся зь імі ў магіле; бо ты зьнішчыў зямлю тваю, забіў народ твой; навекі ня ўспомніцца племя ліхадзеяў.
- Рыхтуйце разьню сынам ягоным за беззаконьне бацькі іхняга, каб не паўсталі і не завалодалі зямлёю і не напоўнілі сусьвету супастатамі.
- І паўстану на іх, кажа Гасподзь Саваоф, і вынішчу імя Вавілона і ўсю рэшту — і сына і ўнука, кажа Гасподзь.
- І зраблю яго аселінай вожыкаў і балотам, і вымяту яго памялом зьнішчальным, кажа Гасподзь Саваоф.
- Прысягаючы, кажа Гасподзь Саваоф: як Я намысьліў, так і станецца; як Я вызначыў, так і спраўдзіцца,
- каб сьцерці Асура зь зямлі Маёй і растаптаць яго на горах Маіх; і ападзе зь іх ярмо яго, і здымецца цяжар яго з плячэй іхніх.
- Такая пастанова, прынятая для ўсёй зямлі, і вось рука, узьнесеная над усімі народамі;
- бо Гасподзь Саваоф пастанавіў, і хто можа адмяніць гэта? рука Яго ўзьнесена, — і хто адвядзе яе?
- У год сьмерці цара Ахаза было такое прарочае слова:
- ня радуйся зямля Філістымская, што зламана жазло, якое біла цябе; бо з кораня зьмяінага выпаўзе асьпід, і плодам яго будзе лятучы дракон.
- Тады бедныя будуць накормлены, і ўбогія будуць пакоіцца ў бясьпецы; а той корань вымару голадам, і ён даб'е рэшту тваю.
- Галасі, брама! вый голасам, горадзе! Распадзешся ты, уся зямля Філістымская; бо з поўначы дым ідзе, і няма адсталага ў полчышчах іхніх.
- Што ж скажуць весьнікі народныя? — Тое, што Гасподзь заснаваў Сіён, і ў ім знойдуць бедныя з народу Яго.
|
Выбор перевода и языка
|