1. Упаў Віл, паваліўся Нэво; балваны іхнія — на быдле і ўючных жывёлах; вашая ноша сталася цяжкаю стомленым жывёлам.
  2. Паваліліся, упалі разам; не маглі абараніць тых, што несьлі, і самі пайшлі ў палон.
  3. Паслухайце мяне, доме Якава і ўся рэшта дома Ізраілевага, прынятыя Мною ад улоньня, каго Я насіў ад утробы матчынай:
  4. і да старасьці вашай Я той самы буду, і да сівізны вашай Я ж буду насіць вас; Я стварыў і буду насіць, падтрымліваць і ахоўваць вас.
  5. Да каго прыпадобніце Мяне і з кім параўнаеце, і з кім зьверыце, каб мы былі падобныя?
  6. Высыпаюць золата з кашалька і важаць срэбра на вагах, і наймаюць срабрака, каб ён зрабіў зь яго бога; кланяюцца яму і ўпадаюць перад ім,
  7. падымаюць яго на плечы, нясуць яго і ставяць яго на сваё месца; ён стаіць, зь месца свайго не кранецца; крычаць яму — ён не адказвае, не ратуе ад бяды.
  8. Успомніце гэта і пакажэце сябе мужамі; прымеце гэта, адступнікі, да сэрца;
  9. успомніце былое раней, ад пачатку веку, бо Я — Бог, і няма іншага Бога, і няма падобнага да Мяне.
  10. Я ўзьвяшчаю на пачатку, што будзе ў канцы, і ад старадаўніх часін тое, што яшчэ не зрабілася, кажу: Мая рада адбудзецца, і ўсё, што Мне заўгодна, Я зраблю.
  11. Я паклікаў арла з усходу, з далёкай краіны, спраўцу вызначэньня Майго. Я сказаў — і спраўджу гэта; прадпісаў — і зраблю.
  12. Паслухайце Мяне, жорсткія сэрцам, далёкія ад праўды:
  13. Я наблізіў праўду Маю, — яна не далёка, і ратунак Мой не замарудзіць; і дам Сіёну выратаваньне, Ізраілю — славу Маю.

Постоянная ссылка на эту страницу old.bibleonline.ru/bible/bel/23/46/.

Выбор перевода и языка



© Библия Онлайн, 2003-2024
Перейти на новую версию сайта.