1. І сказаў Гасподзь Абраму: ідзі зь зямлі тваёй, ад радзіны тваёй і з дома бацькі твайго ў зямлю, якую Я пакажу табе;
  2. і Я выведу ад цябе вялікі народ, і дабраслаўлю цябе, і праслаўлю імя тваё, і будзеш ты ў дабраславенстве.
  3. Я дабраслаўлю тых, што дабраслаўляюць цябе, і тых, што ліхасловяць цябе, пракляну; і дабраславяцца ў табе ўсе плямёны зямныя.
  4. І пайшоў Абрам, як сказаў яму Гасподзь; і зь ім пайшоў Лот. Абраму было семдзесят пяць гадоў, калі выйшаў з Харана.
  5. І ўзяў з сабою Сару, жонку сваю, Лота, сына брата свайго, і ўсю маёмасьць, якую яны набылі, і ўсіх людзей, якіх яны мелі ў Харане; і выйшлі, каб ісьці ў зямлю Ханаанскую; і прыйшлі ў зямлю Ханаанскую.
  6. І прайшоў Абрам па зямлі гэтай да мясьціны Сіхем, да дубровы Марэ: у гэтай зямлі тады жылі Хананэі.
  7. І явіўся Гасподзь Абраму і сказаў: нашчадкам тваім аддам Я зямлю гэтую. І паставіў там ахвярнік Госпаду, Які явіўся яму.
  8. Адтуль рушыў ён да гары, на ўсход ад Вэтыля; і паставіў намёт свой так, што ад яго Вэтыль быў на захад, а Гай на ўсход; і паставіў ахвярнік Госпаду і заклікаў імя Госпада.
  9. І падаўся Абрам далей і пайшоў на поўдзень.
  10. І быў голад у той зямлі. І сышоў Абрам у Егіпет, пажыць там, бо памацнеў голад у зямлі той.
  11. Калі ж ён набліжаўся да Егіпта, дык сказаў Сары, жонцы сваёй: вось, я ведаю, што ты жанчына прыгожая з выгляду;
  12. і калі Егіпцяне ўбачаць цябе, дык скажуць: гэта жонка яго; і зяб'юць мяне, а цябе пакінуць жывою;
  13. скажы ж, што ты мне сястра, каб мне добра было дзеля цябе, і каб жывая была душа мая празь цябе.
  14. І было, калі Абрам прыйшоў у Егіпет, Егіпцяне ўбачылі, што яна жанчына даволі прыгожая;
  15. убачылі яе і вяльможы фараонавыя і пахвалілі яе фараону; і была яна ўзятая ў дом фараонаў.
  16. І Абраму добра было празь яе; і было ў яго дробнае і буйное быдла і аслы, і рабы і рабыні, і коні і вярблюды.
  17. Але Гасподзь уразіў цяжкімі ранамі фараона і дом ягоны за Сару, жонку Абрамавую.
  18. І паклікаў фараон Абрама і сказаў: што гэта ты зрабіў са мною? чаму не сказаў мне, што яна жонка твая?
  19. навошта ты сказаў: яна сястра мая? І я ўзяў быў яе сабе за жонку. І цяпер вось жонка твая; вазьмі ды йдзі.
  20. І даў пра яго фараон загад людзям, і правялі яго, і жонку ягоную, і ўсё, што ў яго было.

Постоянная ссылка на эту страницу old.bibleonline.ru/bible/bel/01/12/.

Выбор перевода и языка



© Библия Онлайн, 2003-2024
Перейти на новую версию сайта.