Трэйцяя Царстваў, разьдзел 1
- І цар Давід састарыўся, увайшоў у сталы век, дык накрывалі яго вопраткай, але ня мог сагрэцца.
- І сказалі яму слугі ягоныя: няхай пашукаюць гаспадару нашаму цару маладую дзяўчыну, каб яна стаяла перад царом і хадзіла за ім і ляжала зь ім, — і будзе цёпла гаспадару нашаму цару.
- І шукалі прыгожую дзяўчыну ва ўсіх межах Ізраільскіх, і знайшлі Авісагу Сунаміцянку, і прывялі яе да цара.
- Дзяўчына была вельмі прыгожая, і хадзіла яна за царом і прыслужвала яму; але цар не спазнаў яе.
- Аданія, сын Агіты, заганарыўшыся, казаў: я буду царом. І завёў сабе калясьніцы і коньнікаў і пяцьдзясят чалавек скараходаў.
- А бацька ніколі не назаляўся яму пытаньнем: навошта ты гэта робіш? А ён быў вельмі прыгожы і нарадзіўся ў яго пасьля Авэсалома.
- І раіўся ён зь Ёавам, сынам Саруіным, і з Авіятарам сьвятаром, і яны дапамагалі Аданію.
- Але сьвятар Садок і Ванэя, сын Ёдаеў, і прарок Натан, і Сэмэй, і Рысій, і мацакі Давідавыя ня былі на баку Аданіі.
- І закалоў Аданія авечак і валоў і цялят каля каменя Захэлэт, што каля крыніцы Рагэль, і запрасіў усіх братоў сваіх, сыноў цара, з усімі Юдэямі, якія служылі ў цара.
- А прарока Натана і Ванэю, і тых мацакоў, і Саламона, брата свайго, не запрасіў.
- Тады Натан сказаў Вірсавіі, маці Саламонавай, кажучы: ці чула ты, што Аданія, сын Агітын, зрабіўся царом, а гаспадар наш Давід, ня ведае пра тое?
- Цяпер, вось, я раю табе: ратуй жыцьцё тваё і жыцьцё сына твайго Саламона.
- Ідзі і ўвайдзі да цара Давіда і скажы яму: ці не прысягаўся ты, гаспадару мой цар, рабыні тваёй, кажучы: сын твой Саламон будзе царом пасьля мяне, і ён сядзе на троне маім? Чаму ж зацараваў Аданія?
- І вось, калі ты яшчэ будзеш гаварыць з царом, увайду і я сьледам за табою і дапоўню словы твае.
- Вірсавія пайшла да цара ў спальню; цар быў вельмі стары, і Авісага Сунаміцянка прылужвала цару;
- і нахілілася Вірсавія і пакланілася цару; і сказаў цар: што табе?
- Яна сказала яму: гаспадару мой цару! ты прысягаў рабе тваёй Госпадам Богам тваім: сын твой Саламон будзе валадарыць пасьля мяне і ён сядзе на троне маім.
- А цяпер, вось, Аданія зацараваў, і ты, гаспадару мой цару, ня ведаеш пра тое.
- І закалоў ён многа валоў, цялят і авечак і запрасіў усіх сыноў царскіх і сьвятара Авіятара і ваеначальніка Ёава: а Саламона, раба твайго, не запрасіў.
- А ты, гаспадару мой, — цар, і вочы ўсіх Ізраільцянаў глядзяць на цябе, каб ты абвясьціў ім, хто сядзе на троне гаспадара майго цара пасьля яго;
- інакш, калі гаспадар мой цар спачне з бацькамі сваімі, упадзе віна на мяне і на сына майго Саламона.
- Калі яна яшчэ гаварыла з царом, прыйшоў і прарок Натан.
- І сказалі цару, кажучы: вось, Натан прарок. І ўвайшоў ён да цара і пакланіўся цару тварам да зямлі.
- І сказаў Натан: гаспадару мой цар! ці сказаў ты: Аданія будзе валадарыць пасьля мяне і ён сядзе на троне маім?
- Бо ён сёньня сышоў і закалоў многа валоў, цялят і авечак і запрасіў усіх сыноў царскіх і ваеначальнікаў і сьвятара Авіятара, і вось, яны ядуць і п'юць у яго і кажуць: хай жыве цар Аданія!
- А мяне, раба твайго, і сьвятара Садока, і Ванэю, сына Ёдаевага, і Саламона, раба твайго, не запрасіў.
- Ці ня сталася гэта па волі гаспадара майго цара, і чаму ты не адкрыў рабу твайму, хто сядзе на троне гаспадара майго цара пасьля яго?
- І адказаў цар Давід і сказаў: паклічце да мяне Вірсавію. І ўвайшла яна і стала перад царом.
- І прысягаў цар і сказаў: жывы Гасподзь, Які выбаўляе душу маю ад усякай бяды!
- як я прысягаў табе Госпадам Богам Ізраілевым, кажучы, што Саламон, сын твой, будзе валадарыць пасьля мяне і ён сядзе на троне маім замест мяне, так і я зраблю гэта сёньня.
- І нахілілася Вірсавія тварам да зямлі, і пакланілася цару, і сказала: хай жыве гаспадар мой цар Давід вечна!
- І сказаў цар Давід: клікніце мне сьвятара Садока і прарока Натана і Ванэю, сына Ёдаевага. І ўвайшлі яны да цара.
- І сказаў ім цар: вазьмеце з сабою слуг гаспадара вашага і пасадзеце Саламона, сына майго, на мула майго, і зьвядзеце яго ў Гіён,
- і хай памажа яго там Садок сьвятар і Натан прарок у цара над Ізраілем, і затрубеце ў трубу і абвясьцеце: хай жыве цар Саламон!
- Потым прывядзеце яго назад, і ён прыйдзе і сядзе на троне маім; ён будзе цараваць замест мяне; яму запавядаў я быць правадыром Ізраіля і Юды.
- І адказваў Ванэя, сын Ёдаеў, цару і сказаў: амін, — хай скажа так Гасподзь Бог гаспадара майго цара:
- як быў Гасподзь Бог з гаспадаром маім царом, так хай будзе Ён з Саламонам і хай узвысіць трон ягоны вышэй за трон гаспадара майго цара Давіда!
- І пайшлі Садок сьвятар і Натан прарок і Ванэя, сын Ёдая, Хэлэтэі і Фэлэтэі, і пасадзіла Саламона на мула цара Давіда, і павялі яго ў Гіён.
- І ўзяў Садок сьвятар рог з алеем з скініі і памазаў Саламона. І затрубілі ў трубу, і ўвесь народ усклікаў: хай жыве цар Саламон!
- І ўвесь народ праводзіў Саламона, і іграў народ на жалейках і вельмі радаваўся, так што зямля расьсядалася ад крыкаў яго.
- І пачуў Аданія і ўсе запрошаныя ім, як толькі перасталі есьці: а Ёаў, пачуўшы гук трубы, сказаў: з чаго гэты шум расхваляванага горада?
- Яшчэ ён гаварыў, як прыйшоў Ёнатан, сын сьвятара Авіятара. І сказаў Аданія: увайдзі; ты — сумленны чалавек і нясеш добрую вестку.
- І адказваў Ёнатан і сказаў Аданію: так, гаспадар наш цар паставіў Саламона царом;
- і паслаў цар зь ім Садока сьвятара і Натана прарока, і Ванэю, сына Ёдая, і Хэлэтэяў і Фэлэтэяў, і яны пасадзілі яго на мула царскага;
- і памазалі яго Садок сьвятар і Натан прарок у цара ў Гіёне, і адтуль выправіліся з радасьцю, і прыйшоў у рух горад. Вось чаго шум, які вы чуеце.
- І Саламон ужо сеў на царскім троне.
- І слугі цара прыходзілі павіншаваць гаспадара нашага цара Давіда, кажучы: Бог твой няхай праславіць імя Саламона больш за тваё імя і хай узвысіць трон ягоны вышэй за твой трон. І пакланіўся цар на ложку сваім,
- і сказаў цар так: дабраславёны Гасподзь Бог Ізраілеў, Які сёньня даў ад семя майго пасаджанага на троне маім, і вочы мае бачаць гэта!
- Тады спалохаліся і ўсталі ўсе запрошаныя, якія былі ў Аданіі, і пайшлі кожны сваёй дарогаю.
- А Аданія, баючыся Саламона, устаў і пайшоў і ўхапіўся за рогі ахвярніка.
- І данесьлі Саламону, кажучы: вось, Аданія баіцца цара Саламона, і вось, ён трымаецца за рогі ахвярніка, кажучы: хай прысягне мне цяпер цар Саламон, што ён не заб'е раба свайго мечам.
- І сказаў Саламон: калі ён будзе чалавекам сумленным, дык ніводзін волас ягоны не ўпадзе на зямлю; калі ж знойдзецца ў ім падступства, дык памрэ.
- І паслаў Саламон, і прывялі яго да ахвярніка. І ён прыйшоў і пакланіўся цару Саламону. І сказаў яму Саламон: ідзі ў дом свой.
|
Выбор перевода и языка
|