1. Гатолія, маці Ахозіі, бачачы, што сын яе памёр, устала і вынішчыла ўсё царскае племя.
  2. Але Ёсавеф, дачка цара Ёрама, сястра Ахозіі, узяла Ёаса, сына Ахозіі, і тайна зьвяла яго з атачэньня забіваных сыноў царскіх, яго і карміцельку ягоную, у пасьцельны пакой; і схавалі яго ад Гатоліі, і ён ня быў забіты.
  3. І хавалі яго зь ёю ў доме Гасподнім шэсьць гадоў, тым часам як Гатолія царавала над зямлёю.
  4. У сёмы год паслаў Ёдай, і ўзяў сотнікаў зь целаахоўцаў і скараходаў, і прывёў іх да сябе ў дом Гасподні, і ўчыніў зь імі ўгоду, і ўзяў зь іх клятву ў доме Гасподнім, і паказаў ім царскага сына;
  5. і даў ім загад, сказаўшы: вось, што вы зрабеце: трэцяя частка з вас, з тых, што прыходзяць у суботу, будзе трымаць варту пры царскім доме;
  6. трэцяя частка каля брамы Сур, і трэцяя частка каля брамы ззаду целаахоўцаў, і трымайце варту дома, каб ня было якое пашкоды;
  7. і дзьве часткі з вас, з усіх, што адыходзяць у суботу, будуць трымаць варту каля дома Гасподняга дзеля цара;
  8. і атачэце цара з усіх бакоў, кожны са зброяй сваёй у руцэ сваёй; і хто ўвайшоў бы ў рады, той хай будзе забіты; і будзьце пры цары, калі ён выходзіць і калі ўваходзіць.
  9. І зрабілі сотнікі ўсё, што загадаў Ёдай сьвятар і ўзялі кожны людзей сваіх, што прыходзяць у суботу і што адыходзяць у суботу, і прыйшлі да Ёдая сьвятара.
  10. І раздаў сьвятар сотнікам дзіды і шчыты цара Давіда, якія былі ў доме Гасподнім.
  11. І сталі скараходы, кожны са зброяй ў руцэ сваёй, з правага боку дома да левага боку дома, каля ахвярніка і каля дома, вакол цара.
  12. І вывеў ён царскага сына, і ўсклаў на яго царскі вянок і кляйноды, і ўцаравалі яго, і памазалі яго, і пляскалі ў далоні і ўсклікалі: хай жыве цар!
  13. І пачула Гатолія голас народу, які бег, і пайшла да народу ў дом Гасподні.
  14. І бачыць, і вось цар стаіць на ўзвышэньні, паводле звычаю, і князі і трубы каля цара; і ўвесь народ зямлі радуецца, і трубяць у трубы. І падрала Гатолія вопратку на сабе, і закрычала: змова! змова!
  15. І даў загад Ёдай сьвятар сотнікам, начальнікам над войскам, і сказаў ім: выведзіце яе за рады, а хто пойдзе за ёю, забівайце мечам, бо сьвятар думаў, каб не забілі яе ў доме Гасподнім.
  16. І далі ёй месца, і яна прайшла праз уваход конскі да дома царскага, і аддадзена сьмерці там.
  17. І заключыў Ёдай запавет паміж Госпадам і царом і народам, каб ён быў народам Гасподнім, і паміж царом і народам.
  18. І пайшоў увесь народ зямлі ў дом Ваала, і разбурылі ахвярнікі яго, і выявы ягоныя зусім пабілі, і Матфана, жраца Ваалавага, забілі перад ахвярнікамі. І ўстанавіў сьвятар нагляд над домам Гасподнім.
  19. І ўзяў сотнікаў і целаахоўцаў і скараходаў і ўвесь народ зямлі, і праводзілі цара з дома Гасподняга, і прыйшлі па дарозе праз браму целаахоўцаў у дом царскі; і ён сеў на троне цароў.
  20. І весяліўся ўвесь народ зямлі, і горад супакоіўся. А Гатолію ўсьмерцілі мечам у царскім доме.
  21. Сем гадоў было Ёасу, калі зацараваў.

Постоянная ссылка на эту страницу old.bibleonline.ru/bible/bel/12/11/.

Выбор перевода и языка



© Библия Онлайн, 2003-2024
Перейти на новую версию сайта.