Другі закон, разьдзел 12
- Вось пастановы і законы, якія вы павінны выконваць у зямлі, якую Гасподзь, Бог бацькоў тваіх, дае табе ў валоданьне, на ўсе дні, якія вы жыцьмеце на той зямлі.
- Зьнішчыце ўсе мясьціны, дзе народы, якімі вы авалодаеце, служылі багам сваім, на высокіх горах і на пагорках і пад усякім галінастым дрэвам;
- і разбурце ахвярнікі іхнія і паламайце слупы іхнія, і спалеце агнём гаі іхнія і пабеце балваноў — багоў іхніх, і вынішчыце імя іхняе ў месцы тым.
- Але ня тое павінны вы рабіць Госпаду, Богу вашаму,
- бо толькі на месцы, якое выбера Гасподзь, Бог ваш, з усіх плямёнаў вашых, каб быць імю Ягонаму там, зьвяртайцеся і туды прыходзьце,
- і туды прыносьце цэласпаленьні вашыя і ахвяры вашыя, і дзесяціны вашыя і ўзьнясеньне рук вашых, і абяцаньні вашыя і дабравольныя прынашэньні вашыя, і першынцаў буйнога быдла вашага і дробнага быдла вашага;
- і ежце там прад Госпадам, Богам вашым, і радуйцеся вы і сем'і вашыя з усяго, што рабілася рукамі вашымі, чым дабраславіў цябе Гасподзь, Бог твой.
- Там вы не павінны рабіць усяго, як мы цяпер тут робім, кожны, што яму здаецца правільным;
- бо вы сёньня яшчэ ня ўступілі ў мясьціну спакою і дзялянку, якую Гасподзь, Бог твой, дае табе.
- Але калі пяройдзе Ярдан і аселіцца на зямлі, якую Гасподзь, Бог ваш, дае вам у долю, і калі Ён супакоіць вас ад усіх ворагаў вашых, што атачаюць вас, і жыцьмеце ў бясьпецы,
- туды, якое месца выбера Гасподзь, Бог ваш, каб быць імю Ягонаму там, туды прыносьце ўсё, што я наказваю вам: цэласпаленьні вашыя і ахвяры вашыя, дзесяціны вашыя і ўзьнясенье рук вашых і ўсё, выбранае паводле абяцаньняў вашых, што вы абяцалі Госпаду вашаму;
- і радуйцеся прад Госпадам, Богам вашым, вы і сыны вашыя і дочкі вашыя, і рабы вашыя і рабыні вашыя, і лявіт, які сярод селішчаў вашых, бо няма яму долі і дзялянкі з вамі.
- Асьцерагайся прыносіць цэласпаленьні твае на ўсякім месцы, якое ты ўбачыш;
- а толькі на тым месцы, якое выбера Гасподзь у адным з плямёнаў тваіх, прынось цэласпаленьні твае і рабі ўсё, што наказваю табе.
- А ў астатнім калі толькі зажадае душа твая, можаш закалоць і есьці, па дабраславеньні Госпада, Бога твайго, мяса, якое Ён даў табе, ва ўсіх селішчах тваіх: нячысты і чысты можа есьці гэта, як сарну і як аленя;
- толькі крыві ня ежце: на зямлю вылівайце яе, як ваду.
- Нельга табе есьці ў селішчах тваіх дзесяціны хлеба твайго і віна твайго і алею твайго, і першынцаў буйнога быдла твайго і дробнага быдла твайго, і ўсіх абяцаньняў тваіх, якія ты абяцаў, і дабравольных прынашэньняў тваіх, і ўзьнясеньня рук тваіх;
- а еж гэта прад Госпадам, Богам тваім, на тым месцы, якое выбера Гасподзь, Бог твой, — ты і сын твой і дачка твая, і раб твой і рабыня твая, і лявіт, які ў селішчах тваіх, і радуйся прад Госпадам, Богам тваім, за ўсё, што робіцца рукамі тваімі.
- Глядзі, не пакідай лявіта ўсе дні, якія жыцьмеш на зямлі тваёй.
- Калі пашырыць Гасподзь, Бог твой, межы твае, як Ён казаў табе, і ты скажаш: «паем я мяса», бо душа твая зажадае есьці мяса, — тады, па жаданьні душы тваёй, еж мяса.
- Калі будзе далёка ад цябе тое месца, якое выбера Гасподзь, Бог твой, каб быць імю Ягонаму там, дык калі з буйнога і дробнага быдла твайго, якое даў табе Гасподзь, як я загадаў табе, і еж у селішчах тваіх, па жаданьні душы тваёй;
- але еж іх так, як ядуць сарну і аленя; нячысты як і чысты могуць есьці гэта;
- толькі строга сачы, каб ня есьці крыві, бо кроў ёсьць душа: ня еж душы разам зь мясам;
- ня еж яе: вылівай яе на зямлю, як ваду;
- ня еж яе, каб добра было табе і дзецям тваім пасьля цябе, калі будзеш рабіць добрае і справядлівае прад вачыма Госпада.
- Толькі сьвятыні твае, якія будуць у цябе, і абяцаньні твае прынось, і прыходзь на тое месца, якое выбера Гасподзь,
- і прынось цэласпаленьні твае, мяса і кроў, на ахвярніку Госпада, Бога твайго; а кроў ахвяраў тваіх павінна пралівацца каля ахвярніка Госпада, Бога твайго, а мяса еж.
- Слухай і выконвай усе словы гэтыя, якія наказваю табе, каб добра было табе і дзецям тваім пасьля цябе вавек, калі будзеш рабіць добрае і заўгоднае прад вачыма Госпада, Бога твайго.
- Калі Гасподзь, Бог твой, вынішчыць ад аблічча твайго народы, да якіх ты ідзеш, каб узяць іх у валоданьне, і ты, узяўшы іх, паселішся ў зямлі іхняй,
- тады асьцерагайся, каб ты ня трапіў у сетку, ідучы за імі, пасьля зьнішчэньня іх ад аблічча твайго, і ня шукаў багоў іншых, кажучы: «як служылі народы гэтыя багам сваім, так і я рабіцьму»;
- не рабі так Госпаду, Богу твайму, бо ўсё, чым гідзіцца Гасподзь, што ненавідзіць Ён, яны робяць багам сваім: яны і сыноў сваіх і дочак сваіх спальваюць на агні багам сваім.
- Усё, што я наказваю вам, старайцеся выконваць; не дадавай да таго і не адымай ад таго.
|
Выбор перевода и языка
|