Лявіт, разьдзел 20
- І наказаў Гасподзь Майсею сказаць:
- Скажы гэта сынам Ізраілевым: хто з сыноў Ізраілевых і з прыхадняў, што жывуць сярод Ізраільцянаў, дасьць зь дзяцей сваіх Малоху, той хай будзе аддадзены сьмерці: народ зямлі хай пабэе яго камянямі;
- І Я павярну аблічча Маё да чалавека таго і зьнішчу яго з народу ягонага за тое, што ён даў зь дзяцей сваіх Малоху, каб апаганіць сьвятыню Маю і зьняважыць святое імя Маё;
- і калі народ зямлі не паверне вачэй сваіх на чалавека таго, якога ён дасьць зь дзяцей сваіх Малоху, і не забэе яго,
- дык Я павярну аблічча Маё да чалавека таго і на род ягоны і зьнішчу яго з народу ягонага, і ўсіх, хто блудзіць па сьлядах ягоных, каб аблудна хадзіць сьледам за Малохам.
- І калі якая душа павернецца да закліначоў мёртвых і да чарадзеяў, каб аблудна хадзіць па сьлядах іхніх, дык Я павярну аблічча Маё на тую душу і зьнішчу яе з народу яе.
- Асьвячайце сябе і будзьце сьвятыя, бо Я Гасподзь, Бог ваш.
- Шануйце пастановы Мае і выконвайце іх, бо Я Гасподзь, Які асьвячае вас.
- Хто будзе ліхасловіць бацьку свайго альбо маці сваю, той хай будзе аддадзены сьмерці; бацьку свайго і маці сваю ён ліхасловіў: кроў яго на ім.
- Калі хто будзе пералюбнічаць з жонкаю замужняю, калі хто будзе пералюбнічаць з жонкаю блізкага свайго, — хай будуць аддадзены сьмерці і пералюбнік і пералюбніца.
- Хто ляжа з жонкаю бацькі свайго, той асарамаціў бацьку свайго; абое яны хай будуць аддадзены сьмерці, кроў іхняя на іх.
- Калі хто ляжа зь нявесткаю сваёю, дык абое яны хай будуць аддадзены сьмерці: гідоту ўчынілі яны, кроў іхняя на іх.
- Калі хто ляжа з мужчынам, як з жанчынаю, дык абодва яны ўчынілі гідоту: хай будуць аддазены сьмерці, кроў іхняя на іх.
- Калі хто возьме сабе жонку і маці яе: гэта агіда; на агні трэба спаліць яго і іх, каб ня было беззаконьня сярод вас.
- Хто зьмяшаецца з быдлам, таго аддаць сьмерці, і быдла забіце.
- Калі жанчына пойдзе да якой-небудзь жывёлы, каб спалучыцца зь ёю, дык забі жанчыну і жывёлу: хай будуць яны аддадзены сьмерці, кроў іхняя на іх.
- Калі хто возьме сястру сваю, дачку бацькі свайго альбо дачку маці сваёй дзеля плоцкай спалукі, гэта сорам, хай будуць яны зьнішчаны на вачах у сыноў народу свайго: ён асарамаціў сястру сваю: грэх свой панясе ён.
- Калі хто ляжа з жонкаю пад час хваробы крывацечы і адкрые сарамату яе, дык ён агаліў цечу яе, і яна адкрыла цечу крыві сваёй: абое хай будуць вынішчаны з народу свайго.
- Ніхто не павінен класьціся з сястрой маці сваёй або бацькі свайго, бо гэта сарамаціць плоць: грэх свой панясуць яны.
- Хто ляжа зь цёткаю сваёю, той асарамаціў дзядзьку свайго; грэх свой панясуць яны, бязьдзетнымі памруць.
- Калі хто возьме жонку брата свайго — гэта агідна; ён асарамаціў брата свайго, бязьдзетныя будуць яны.
- Шануйце ўсе статуты Мае і ўсе законы Мае і выконвайце іх, — і ня скіне вас зь сябе зямля, у якую я вяду вас жыць.
- Ня ўчыняйце паводле завядзёнак народу, які Я праганяю ад вас; бо яны ўсё гэта рабілі, і Я абурыўся на іх,
- і сказаў Я вам: вы валодайце зямлёю іхняй, і я вам аддаю ў спадчыну зямлю, у якой цячэ малако і мёд. Я Гасподзь, Бог ваш, Які аддзяліў вас ад усіх народаў.
- Адрозьнівайце быдла чыстае ад нячыстага і птушку чыстую ад нячыстай і не апаганьвайце душ вашых быдлам і птушкаю і ўсім, што поўзае па зямлі, што адрозьніў Я, як нячыстае.
- Будзьце перад Мною сьвятыя, бо Я сьвяты Гасподзь, і я аддзяліў вас ад народаў, каб вы былі Мае.
- Хай то мужчына хай жанчына, калі будуць яны выклікаць мёртвых альбо чарадзейнічаць, хай будуць аддадзены сьмерці: камянямі трэба пабіць іх, кроў іхняя на іх.
|
Выбор перевода и языка
|