1. На восьмы дзень паклікаў Майсей Аарона і сыноў ягоных і старэйшынаў Ізраілевых
  2. і сказаў Аарону: вазьмі сабе з валоў цяля ў ахвяру за грэх і барана на цэласпаленьне, абодвух без пахібы, і пастаў прад аблічча Гасподняе;
  3. і сынам Ізраілевым скажы: вазьмеце казла ў ахвяру за грэх, і цяля, і ягня, адналетак, без пахібы, на цэласпаленьне,
  4. і вала і барана ў ахвяру мірную, каб учыніць ахвяраваньне перад абліччам Гасподнім, і прынашэньне хлебнае, зьмяшанае з алеем, бо сёньня Гасподзь явіцца вам.
  5. І прынесьлі тое, што загадаў Майсей, да скініі сходу, і прыйшло ўсё супольства і стала перад абліччам Гасподнім.
  6. І сказаў Майсей: вось, што загадаў Гасподзь зрабіць, і зьявіцца вам слава Гасподняя.
  7. І сказаў Майсей Аарону: падыдзі да ахвярніка і ўчыні ахвяру тваю за грэх і цэласпаленьне тваё, і ачысьці сябе і народ, і зрабі прынашэньне ад народу, і ачысьці ім, як загадаў Гасподзь.
  8. І падышоў Аарон да ахвярніка і закалоў цяля, якое за яго, у ахвяру за грэх:
  9. сыны Аарона паднесьлі яму кроў, і ён памачыў палец свой у крыві і паклаў на рогі ахвярніка, а рэшту крыві выліў да падножжа ахвярніка;
  10. а здор і ныркі і сальнік на печані ад ахвяры за грэх спаліў на ахвярніку, як загадаў Гасподзь Майсею;
  11. а мяса і скуру спаліў на агні па-за табарам.
  12. І закалоў цэласпаленьне, і сыны Аарона паднесьлі яму кроў; ён пакрапіў ёю на ахвярнік з усіх бакоў;
  13. і прынесьлі яму цэласпаленьне ў кавалках і галаву, і ён спаліў на ахвярніку,
  14. а вантробы і ногі абмыў і спаліў з цэласпаленьнем на ахвярніку.
  15. І прынёс прынашэньне ад народу: і ўзяў ад народу казла за грэх, і закалоў яго, і прынёс яго ў ахвяру за грэх, як і першага.
  16. і прынёс цэласпаленьне і ўчыніў яго паводле статуту.
  17. І прынёс прынашэньне хлебнае і напоўніў ім рукі свае, і спаліў на ахвярніку звыш ранішняга цэласпаленьня.
  18. І закалоў вала і барана, якія ад народу, у ахвяру мірную; і сыны Аарона паднесьлі яму кроў, і ён пакрапіў ёю на ахвярнік з усіх бакоў;
  19. паднесьлі і тлушч з вала, і з барана курдзюк, і здор, што на вантробах, і ныркі і сальнік на печані,
  20. і паклалі: тлушч на грудзіну, і ён спаліў тлушч на ахвярніку;
  21. а грудзіну і правы плячук прынёс Аарон, трасучы перад абліччам Гасподнім, як загадаў Майсей.
  22. І падняў Аарон рукі свае, павярнуўшыся да людзей, і дабраславіў іх, і сышоў, учыніўшы ахвяру за грэх, цэласпаленьне і ахвяру мірную.
  23. І ўвайшлі Майсей і Аарон у скінію сходу, і выйшлі, і дабраславілі народ. І зьявілася слава Гасподняя ўсяму народу:
  24. і выйшаў агонь ад Госпада і спаліў на ахвярніку цэласпаленьня і тлушч; і бачыў увесь народ і ўсклікнуў з радасьці, і ўпаў на аблічча сваё.

Постоянная ссылка на эту страницу old.bibleonline.ru/bible/bel/03/09/.

Выбор перевода и языка



© Библия Онлайн, 2003-2024
Перейти на новую версию сайта.