1. Бо Мелхісэдэк, цар Саліма, сьвятар Бога Ўсявышняга, — той, які сустрэў Абрагама і дабраславіў яго, калі гэты вяртаўся пасьля паражэньня цароў,
  2. якому і дзесяціну выдзеліў Абрагам з усяго, — па-першае, згодна са значэньнем імя — цар праўды, а потым і цар Саліма, што азначае — цар сьвету,
  3. бяз бацькі, бяз маці, без радаводу, ня маючы ні пачатку дзён, ні канца жыцьця, прыпадобнены да Сына Божага, застаецца сьвятаром назаўсёды.
  4. Бачыце, які вялікі той, каму і Абрагам-патрыярх даў дзесяціну з найлепшых здабыткаў сваіх.
  5. Тыя з сыноў Левііных, што прымаюць сьвятарства, маюць запаведзь — браць па законе дзесяціну з народу, гэта значыць, са сваіх братоў, хоць і гэтыя паходзяць са сьцёгнаў Абрагамавых.
  6. Але гэты, які не паходзіць з роду іхняга, узяў дзесяціну з Абрагама і дабараславіў таго, хто меў абяцаньні.
  7. Бяз усякага супраціву меншага дабраслаўляе большы.
  8. І тут дзесяціны бяруць людзі сьмяротныя, а там той, хто мае пра сябе сьведчаньне, што ён жыве.
  9. І, можна сказаць, сам Левій, які бярэ дзесяціну, у асобе Абрагама даў дзесяціну:
  10. бо ён быў яшчэ ў сьцёгнах у бацькі, калі Мелхісэдэк спаткаў яго.
  11. І вось, калі б дасканаласьць дасягалася празь лявіцкае сьвятарства, — бо зь ім спалучаны закон народу, — дык якая яшчэ была б патрэба зьяўляцца іншаму сьвятару па чыне Мелхісэдэка, а не па чыне Абрагамавым звацца?
  12. Бо зь пераменаю сьвятарства павінен перамяніцца і закон,
  13. бо Той, пра Якога гаворыцца гэта, належаў да іншага роду, зь якога ніхто ня служыў каля ахвярніка;
  14. бо вядома, што Гасподзь наш зазьзяў з роду Юдавага, пра які Майсей нічога не сказаў адносна сьвятарства.
  15. І гэта яшчэ ясьней відаць з таго, калі ў падабенстве Мелхісэдэкавым паўстае сьвятар іншы,
  16. які стаўся такім не паводле закона запаведзі цялеснай, а з моцы жыцьця няспыннага.
  17. Бо засьведчана: «Ты сьвятар навекі па чыне Мелхісэдэка».
  18. А скасаваньне ранейшай запаведзі бывае з прычыны яе нямоцнасьці і непатрэбнасьці,
  19. бо закон нічога не давёў да дасканаласьці; але ўводзіцца лепшая надзея, празь якую мы набліжаемся да Бога.
  20. А як гэта было не бяз прысягі, —
  21. бо тыя былі сьвятарамі бяз прысягі, а Гэты з прысягаю, бо пра яго сказана: «прысягаўся Гасподзь і не раскаецца: Ты сьвятар навекі па чыне Мелхісэдэка»,
  22. дык і лепшага запавету заручнікам стаўся Ісус.
  23. Прытым тых сьвятароў было многа, бо сьмерць не дапускала быць аднаму;
  24. а Гэты, як што жыве вечна, мае і сьвятарства непрамінушчае,
  25. таму і можа заўсёды ратаваць тых, якія прыходзяць празь Яго да Бога, Які заўсёды жывы, каб хадайнічаць за іх.
  26. Такі і павінен быць у нас Першасьвятар: сьвяты, несаўдзельны злу, беззаганны, далёкі ад грэшнікаў і ўзьнесены вышэй за нябёсы,
  27. Які ня мае патрэбы, як тыя першасьвятары, штодня прыносіць ахвяры сьпярша за свае грахі, а потым за грахі народу; бо Ён гэта зрабіў аднаго разу, ахвяраваўшы Самім Сабою.
  28. Бо закон устаноўлівае першасьвятарамі людзей немачных; а слова прысяжнае, пасьля закона, паставіла Сына, навек дасканалага.

Постоянная ссылка на эту страницу old.bibleonline.ru/bible/bel/65/07/.

Выбор перевода и языка



© Библия Онлайн, 2003-2024
Перейти на новую версию сайта.