1. Кіроўцу хору. На музычным інструмэньце Шошан. Вучэньне. Сыноў Карэевых. Песьня каханьня.
  2. Маё сэрца вылілася добрым словам; я кажу: песьня мая пра Цара; язык мой — пяро хуткага пісьма.
  3. Ты прыгажэйшы за сыноў чалавечых; мілата з Тваіх вуснаў вылілася; таму дабраславіў Цябе Бог навечна.
  4. Аперажыся мечам па паясьніцы Тваёй, Магутны, славаю Тваёю і хараством Тваім,
  5. і ў гэтым уборы Тваім пасьпяшайся, сядзь на калясьніцу дзеля праўды і лагоды і справядлівасьці, і правіца Твая пакажа Табе дзівосныя дзеі.
  6. Вострыя стрэлы Твае — народы ўпадуць прад Табою, — яны — у сэрцы ворагаў Царовых.
  7. Трон Твой, Божа, навечна; жазло праўды — жазло царства Твайго.
  8. Ты палюбіў праўду і зьненавідзеў бяспраўе, таму памазаў Цябе, Божа, Бог Твой алеем радасьці больш, чым саўдзельцаў Тваіх.
  9. Усё адзеньне Тваё — як сьмірна і альяс і касія; з харомаў слановай косьці Цябе зьвесяляюць.
  10. Дочкі царскія ў Цябе сярод ганаровых; стала царыца праваруч Цябе ў Афірскім золаце.
  11. Слухай, дачка, і глядзі, і прыхілі тваё вуха, і забудзь народ твой і дом бацькі твайго.
  12. І запрагне Цар прыгажосьці тваёй; бо Ён Гасподзь твой, і ты пакланіся Яму.
  13. І дачка Тырская прыйдзе з дарункамі, і будуць прасіць цябе найбагацейшыя людзі.
  14. Уся слава Царовай дачкі ўсярэдзіне; адзежа яе шытая золатам;
  15. ва ўзорыстай адзежы вядуць яе да Цара; за ёю вядуць да Цябе дзяўчат, сябровак яе.
  16. Прыводзяць іх з радасьцю і пацяшэньнем, уваходзяць у харомы Царовыя.
  17. Замест бацькоў Тваіх будуць сыны Твае; Ты паставіш іх валадарамі на ўсёй зямлі.
  18. Зраблю імя Тваё памятным ва ўсіх пакаленьнях; таму народы будуць славіць Цябе векавечна.

Постоянная ссылка на эту страницу old.bibleonline.ru/bible/bel/19/45/.

Выбор перевода и языка



© Библия Онлайн, 2003-2024
Перейти на новую версию сайта.