Да Эфэсянаў, разьдзел 5
Адкрыць разьдзел: 1 2 3 4 5 6
- Дык вось, сьледуйце Богу, як дзеці любасныя,
- і жывеце ў любові, як і Хрыстос палюбіў нас і аддаў Сябе за нас у прынашэньне і ахвяру Богу, на пахошчы прыемныя.
- А распуста і ўсялякая нечысьць і любазьдзірства не павінны нават упамінацца ў вас, як гэта прыстойна сьвятым.
- Таксама і брыдкаслоўе і пустаслоўе і пакепства не да гонару вам; а наадварот, хай лепш будзе падзяка;
- бо ведайце, што ніякі распусьнік, альбо нячысты, альбо любазьдзірца, які ёсьць ідаласлужэнец, ня мецьме спадчыны ў Царстве Хрыста і Бога.
- Хай ніхто ня зводзіць вас пустымі словамі, бо за гэта прыходзіць гнеў Божы на сыноў бунтоўных:
- дык жа ня будзьце супольнікамі іхнімі.
- Вы былі колісь цемра, а цяпер — сьвятло ў Госпадзе: дык паводзьцеся, як дзеці сьвятла,
- бо плод Духа — ва ўсякай даброці, праведнасьці і ісьціне.
- Шукайце таго, што да спадобы Богу,
- і не бярэце ўдзелу ў бясплённых дзеях цемры, а яшчэ і выкрывайце,
- бо пра тое, што яны робяць таемна, сорамна і казаць.
- А ўсё, што выкрываецца, выяўляецца ў сьвятле, бо ўсё, што робіцца яўным, ёсьць сьвятло.
- Таму сказана: «устань, хто сьпіць, і ўваскрэсьні зь мёртвых, і асьветліць цябе Хрыстос!».
- Дык глядзеце, дзейце асьцярожна, не як неразумныя, а як мудрыя,
- цэнячы дорага час, бо дні — ліхія.
- Дык ня будзьце ж неразважныя, а спазнавайце, што ёсьць воля Божая.
- І ня ўпівайцеся віном, ад якога бывае распуста; а напаўняйцеся Духам,
- настаўляючы саміх сябе псальмамі і славаслоўем і духоўнымі сьпевамі, сьпяваючы і апяваючы ў сэрцах вашых Госпада,
- дзякуючы заўсёды за ўсё Богу і Айцу, у імя Госпада нашага Ісуса Хрыста,
- слухаючыся адно аднаго ў страху Божым.
- Жонкі, упакорвайцеся сваім мужам, як Госпаду,
- бо муж ёсьць галава жонкі, як і Хрыстос — галава Царквы, і Ён жа Збаўца цела.
- Але як Царква слухаецца Хрыста, так і жонкі сваіх мужоў ва ўсім.
- Мужы, любеце сваіх жонак, як і Хрыстос палюбіў Царкву і аддаў Сябе за яе,
- каб асьвяціць яе, ачысьціўшы мыцьцём водным, праз слова;
- каб прадставіць яе Сабе слаўнаю Царквою, бяз плямы, без заганы, або чаго-небудзь падобнага, а каб яна была сьвятая і беззаганная.
- Так павінны мужы любіць сваіх жонак, як сваё цела: хто любіць сваю жонку, любіць самога сябе.
- Бо ніхто ніколі ня меў нянавісьці да сваёй плоці, а корміць і грэе яе, як і Гасподзь Царкву;
- бо мы часткі Цела Ягонага, ад плоці Ягонай і ад касьцей Ягоных.
- Таму «пакіне чалавек бацьку свайго і маці і прылепіцца да жонкі сваёй, і будуць двое адна плоць».
- Тайна гэтая вялікая; я кажу пра Хрыста і пра Царкву.
- Так кожны з вас хай любіць сваю жонку, як самога сябе; а жонка хай баіцца свайго мужа.
|
Выбор перевода и языка
|