Эстэр, разьдзел 1
- І было ў дні Артаксэркса, — гэты Артаксэркс валадарыў над ста дваццацьцю сямю вобласьцямі ад Індыі і да Эфіопіі,
- у той час, як цар Артаксэркс заступіў на царскі трон свой, што ў Сузах, горадзе сталічным,
- на трэцім годзе свайго валадараньня ён зладзіў гасьціну ўсім князям сваім і тым, што служылі пры ім, галоўным начальнікам войска Персідскага і Мідыйскага і кіраўнікам вобласьцяў сваіх,
- паказваючы вялікае багацьце царства свайго і выдатны бляск велічы сваёй шмат дзён, сто восемдзесят дзён.
- Пасьля заканчэньня гэтых дзён зрабіў цар народу свайму, які быў у сталічным горадзе Сузах, ад вялікага да малога, гасьціну сямідзённую на садовым двары дома царскага.
- Белая, баваўняная і яхантавага колеру шарсьцяная тканіна, прымацаваная вісоннымі і пурпуровымі шнурамі, вісела на срэбраных колцах і мармуровых слупах.
- Залатыя і срэбныя ложкі былі на памосьце, засланым камянямі зялёнага колеру і мармурам, і перламутрам і камянямі чорнага колеру.
- Напоі падаваліся ў залатым посудзе і ў посудзе разнастайным, цаною ў трыццаць тысяч талантаў; і віна царскага было багата, па багацьці цара. Пітво ішло мерна, ніхто не прымушаў, бо цар даў такі загад усім аканомам у доме ягоным, каб рабілі па волі кожнага.
- А царыца Астынь таксама зладзіла гасьціну жанчынам у царскім доме цара Артаксэркса.
- На сёмы дзень, калі разьвесялілася сэрца ў цара ад віна, ён сказаў Мэгуману, Бізту, Харбону і Авагту, Зэтару і Каркасу — сямі еўнухам, якія служылі перад абліччам цара Артаксэркса,
- каб яны прывялі царыцу Астынь перад аблічча цара, каб паказаць народам і князям прыгажосьць яе; бо яна была вельмі прыгожая.
- Але царыца Астынь не захацела прыйсьці па загадзе цара, абвешчаным празь еўнухаў.
- І разгневаўся цар моцна, і шаленства ягонае загарэлася ў ім. І сказаў цар мудрацам, якія памяталі ранейшыя часы, — бо дзеі цара чыніліся перад усімі, хто ведаў закон і права,
- прыбліжаныя да яго тады былі: Каршэна, Шэтар, Адмата, Тарсіс, Мэрэс, Марсэна, Мэмухан — сем князёў Персідскіх і Мідыйскіх, якія маглі бачыць твар цара і сядзелі першыя ў царстве:
- што зрабіць па законе з царыцаю Астынь за тое, што яна не зрабіла па слове цара Артаксэркса, абвешчаным празь еўнухаў?
- І сказаў Мамухан перад абліччам цара і князёў: не перад царом адным вінаватая царыца Астынь, а перад усімі князямі і перад усімі народамі, якія па ўсіх вобласьцях цара Артаксэркса;
- бо ўчынак царыцы дойдзе да ўсіх жонак, і яны будуць грэбаваць мужамі сваімі і казаць: цар Артаксэркс загадаў прывесьці царыцу Астынь перад аблічча сваё, а яна не пайшла.
- Цяпер княгіні Персідскія і Мідыйскія, якія пачуюць пра ўчынак царыцы, будуць тое самае казаць усім князям царовым; і пагарды і засмучэньня будзе ўдосыць.
- Калі заўгодзіцца цару, хай выйдзе ад яго царская пастанова і ўпішацца ў законы Персідскія і Мідыйскія і не адмяняецца, пра тое, што Астынь ня будзе ўваходзіць перад аблічча цара Артаксэркса, а царскую годнасьць яе цар перадасьць іншай, якая лепшая за яе.
- Калі пачуюць пра такую пастанову цара, якая разыдзецца па ўсім царстве ягоным, як яно ні вялікае, тады ўсе жонкі будуць шанаваць мужоў сваіх, ад вялікага да малога.
- І заўгоднае было слова гэта ў вачах цара і князёў; і зрабіў цар па слове Мэмухана
- і паслаў ва ўсе вобласьці цара лісты, пісаныя ў кожную вобласьць пісьмёнамі яе і да кожнага народу на мове яго, каб кожны муж быў гаспадаром у доме сваім, і каб гэта было абвешчана кожнаму на прыроднай мове ягонай.
|
Выбор перевода и языка
|