Эклезіяст, разьдзел 10
- Мёртвыя мухі псуюць і смуродзяць пахучую масьць міраварніцы, тое самае робіць малая дурнота шаноўнага чалавека зь яго мудрасьцю й гонарам.
- Сэрца мудрага — праваруч, а сэрца бязглуздага — леваруч.
- І па дарозе, калі дурань ідзе, не стае яму глузду, і кожнаму пакажа, што ён дурны.
- Калі ўспыхне начальніцкі гнеў на цябе, не пакідай свайго месца; бо рахманасьць даводзіць да дараваньня вялікіх правінаў.
- Ёсьць зло, якое бачыў я пад сонцам, падобнае да памылкі, якая ад валадара паўстала:
- на вялікіх вышынях, бывае, сядзіць дурнота, а багатыя нізка садзяцца;
- бачыў я конных рабоў, а князёў, што пеша, нібы рабы, хадзілі.
- Хто яму капае, той у яе і ўпадзе, і хто разбурае агароджу, таго ўкусіць зьмяя.
- Хто зносіць каменьне, той можа сябе надсадзіць, і хто коле дровы, той мае пагрозу ад іх.
- Калі прытупляецца сякера і хтось ляза не навострыць, шмат намогі дадаць давядзецца; перавага плённае дзеі — мудрасьць.
- Калі гадзіна ўкусіць без заклінаньня, дык ня лепшы за яе і злоязыкі.
- Слова з вуснаў мудрага — мілата, а вусны дурнога яго ж і нішчаць:
- пачатак слоў зь яго вуснаў — глупства, а канец яго казані з вуснаў — шаленства.
- Дурны шмат чаго нагаворыць, хоць ня ведае чалавек, што будзе, і хто скажа яму, што пасьля яго станецца?
- Праца дурнога стамляе яго, бо ён і ня ведае нават дарогі да горада.
- Гора табе, зямля, калі цар твой — дзіця і калі ўладыкі твае ядуць рана!
- Шчасьце табе, зямля, калі цар твой з высокага роду і ўладыкі твае ядуць у назначаны час, каб мацавацца, а не разьядацца!
- Ад гультайства і столь прасядае; і як апусьцяцца рукі, дык дом пацячэ.
- Гасьціны спраўляюць для асалоды, і віно зьвесяляе жыцьцё; а за ўсё адказвае срэбра.
- Нават і ў думках тваіх не ліхаслові цара, і ў спальні тваёй не ліхаслові багатага; бо і птушка нябесная можа словы твае перанесьці, а крылатая — казань тваю пераказаць.
|
Выбор перевода и языка
|